viasna on patreon

Адміністратыўная камісія Першамайскага раёну Менску 7 красавіка разгледзела справы непаўналетніх удзельнікаў намётавага лагеру

2006 2006-04-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла радыё Свабода, бацькам выстаўленыя папярэджаньні, а школьнікі пастаўленыя на ўлік у камісіі па справах непаўналетніх. Аднак ні бацькі, ні дзеці не прызнаюць сваёй вінаватасьці і заяўляюць, што пакараньні былі прымеркаваныя да цырымоніі інаўгурацыі Лукашэнкі.

Навучэнка 10-й класа Яўгенія Карона, затрыманая ў ноч на 24 сакавіка падчас разгрому намётавага лагеру, была выкліканая на адміністратыўную камісію разам з маці, але паколькі дзяўчына хварэла, спадарыня Тамара прыйшла адна. Тое, што адбывалася падчас паседжаньня камісіі, жанчына згадвае са сьлязьмі, бо яе папракалі і міліцыянты, і завуч тым, што яна кепская маці.

Галіна Яроміна таксама атрымала за свайго 17-гадовага сына папярэджаньне, але і яна з павагай ставіцца да выбару Данілы. Хлопец сябе вінаватым ня лічыць: "Гэта пустая фармальнасьць і яны ніякім чынам не зьмянілі маё стаўленьне да тых падзеяў, у якіх я браў удзел".

Камісія ў справах непаўналетніх разглядала дзясяткі спраў, у тым ліку тых падлеткаў, якія былі затрыманыя падчас агітацыйнай кампаніі. Зьміцер Карповіч прыйшоў разам з сынам, якога вінавацяць у распаўсюдзе ўлётак за Аляксандра Мілінкевіча. Ён не разумее, у чым заключаецца віна сына, бо праграма кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча і буклеты ўтрымліваюць усе выходныя зьвесткі, і да 18 сакавіка агітацыйная кампанія была афіцыйна дазволеная. Тым ня менш, паводле спадара Карповіча, чальцы камісіі паведамілі, што ягоны сын будзе пастаўлены на ўлік у камісіі ў справах непаўналетніх, а таксама ў КДБ.

Бацька яшчэ аднаго юнака, таксама затрыманага за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў за Аляксандра Мілінкевіча, перакананы, што пакараньні падлеткам і іхным бацькам адміністрацыйная камісія адмыслова прымеркавала да інаўгурацыі Лукашэнкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства