viasna on patreon

Суд па зыску «Аўтарадыё» не скончаны: лінгвісты па-рознаму ацэньваюць фразу пра «кухню» і «плошчу»

2011 2011-02-25T15:36:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пасяджэнне 24 лютага было адкрытым. Суддзя Валерый Шобік дазволіў журналістам весці ў зале суда дыктафонны запіс.

Ён заслухаў юрыстаў з абодвух бакоў працэсу, прадстаўніцу Генеральнай пракуратуры, а таксама аднаго з двух лінгвістаў, якія падрыхтавалі для суда свае заключэнні наконт фразы з перадвыбарнага аўдыёроліка кандыдата Саннікава - «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

Адвакат «Аўтарадыё» даводзіла, што матэрыялы могуць быць прызнаныя экстрэмісцкімі толькі па рашэнні суда — гэта вынікае з закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Паводле юрысткі, у эфіры радыёстанцыі не гучала ніякіх заклікаў да грамадзян сабрацца на канкрэтнай плошчы ў канкрэтны час. А фраза пра «кухню і плошчу» публікавалася ў перадвыбарнай праграме кандыдата Саннікава ў шэрагу дзяржаўных СМІ, нумары якіх дагэтуль захоўваюцца ў публічных бібліятэках. Копіі гэтых публікацый былі сёння далучаны да матэрыялаў справы. Акрамя таго, юрыст перадала суду тэкст БелТАўскага паведамлення ад 19 лютага 2011 г. з цытатай кіраўніка дзяржавы: «Я хочу, чтобы в нашей стране люди не только на кухнях шептались и что-то обсуждали…»

На думку спецыяліста з боку Мінінфармацыі, згаданую фразу А. Саннікава трэба ўспрымаць у тагачасным інфармацыйным кантэксце, калі «адна толькі згадка слова „плошча“ мела пэўнае значэнне для беларусаў». На пытанне апаненткі, ці будзе рэагаваць міністэрства на публікацыю гэтай жа фразы ў шэрагу дзяржаўных выданняў, юрыст адказала, што «гэтая праца зараз вядзецца». Міністэрства інфармацыі даводзіла, што пры вынясенні папярэджання кіравалася арт. 38 закона «Аб СМІ», які забараняе распаўсюд інфармацыі, накіраванай на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці. А таксама лістом з Генпракуратуры, якая на запыт міністэрства адказала, што ўгледжвае ў словах Саннікава заклік да экстрэмісцкай дзейнасці.

Між тым, прадстаўніца Генпракуратуры Марына Папова, якую суд запрасіў на сённяшнія слуханні, папярэдзіла, што пазіцыю яе ведамства нельга лічыць «афіцыйным заключэннем», а толькі «меркаваннем».

Суд разгледзеў таксама заключэнні двух спецыялістаў-лінгвістаў, запрошаных бакамі для ацэнкі спрэчнага тэксту.

Адзін з іх — дырэктар Інстытуту мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец — прыйшоў да высновы, што, прымаючы да ўвагі «камунікатыўны кантэкст», у асобных выпадках згаданая фраза магла быць успрынятая як заклік.

Прысутная ў судзе кандыдат філалагічных навук Аксана Шчарбакова, са свайго боку, не захацела рабіць якіх-кольвек дапушчэнняў і заклікала грунтавацца выключна на змесце і форме падачы інфармацыі ў згаданым аўдыёроліку: «Закліку прыйсці на плошчу я там не знайшла, не кажучы ўжо пра канкрэтны час і месца». На яе думку, згаданая фраза «цягне» хіба што на  лозунг.

Суддзя палічыў, што разыходжанні ў ацэнках двух лінгвістаў перашкаджаюць далейшаму разгляду справы, і вырашыў запрасіць на наступныя слуханні Аляксандра Лукашанца, каб канкрэтызаваць яго пазіцыю.

Наступная сустрэча бакоў у судзе па гэтым зыску прызначана на 9 сакавіка на 14.10.

Нагадаем, што абодва зыскі «Аўтарадыё» адрасаваныя Мінінфармацыі, хаця адзін з іх тычыцца рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. (Камісія — зборны орган, які фармуецца Мінінстэрствам інфармацыі і кіруецца мінінстрам — Пастанова ад 2003 г.).

Рэдакцыя просіць суд прызнаць несапраўднымі рашэнне Камісіі аб спыненні вяшчання «Аўтарадыё», а таксама папярэджанне Мінінфармацыі за распаўсюд заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці.

Папярэджанне датавана 10-м студзеня (рэдакцыя яго атрымала ўжо пасля таго, як радыё замаўчала), 11 студзеня Рэспубліканская камісія прыняла рашэнне аб спыненні вяшчання «Аўтарадыё» (у сувязі з «невыкананнем творчай канцэпцыі» і, зноў жа, распаўсюдзе заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці), а 12 студзеня рэдакцыя атрымала прадпісанне РУП «БелГІЭ» Мінсувязі РБ аб скасаванні дазволу на выкарыстанне радыёчастаты і эксплуатацыю радыёэлектронных сродкаў».

Першая сустрэча бакоў адбылася ў ВГС 1 лютага, другая - 11-га.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства