Дзясяткі каталікоў просяць біскупаў выступіць у абарону палітвязняў
Зварот падпісалі касцельныя актывісты з дзясяткаў гарадоў Беларусі. Падаём дакумент цалкам.
Яго Эмінэнцыі ксяндзу кардыналу Казіміру Свёнтку,
Апостальскаму адміністратару Пінскай дыяцэзіі
Яго Эксцэленцыі ксяндзу арцыбіскупу Марціну Відавічу,
Апостальскаму Нунцыю ў Рэспубліцы Беларусь
Яго Эксцэленцыі ксяндзу арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу,
Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму
Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Аляксандру Кашкевічу,
біскупу Гродзенскай дыяцэзіі
Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Антонію Дзям’янку,
дапаможнаму біскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Уладзіславу Бліну,
ардынарыю Віцебскай дыяцэзіі
Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Казіміру Вялікасельцу,
дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі
ЗВАРОТ
Мы, каталіцкія вернікі і грамадзяне Беларусі, звяртаемся да Вас, глыбокапаважаныя пастыры, з нагоды сумных і трывожных падзеяў, якія адбываюцца ў нашай краіне.
Увечары 19 снежня 2010 года ў Мінску сілавыя структуры надзвычай
жорстка разагналі мірную акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Сотні людзей — у тым ліку дзяўчаты, жанчыны, асобы сталага веку — былі жорстка збітыя. Больш за 600 чалавек былі затрыманыя і падвергнутыя бесчалавечнаму абыходжанню, якое праявілася ў збіцці, неаказанні неабходнай медыцынскай дапамогі, працягламу ўтрыманню без ежы, пітва і сну. Гэтак званыя «суды» над затрыманымі адбываліся з парушэннямі ўсіх маральных і юрыдычных нормаў.
Улады распачалі беспрэцэдэнтную кампанію рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці. Па ўсёй краіне супрацоўнікі спецслужбаў праводзяць ператрусы
ў жылых і офісных памяшканнях. Працягваюцца арышты і допыты грамадскіх актывістаў. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі прадстаўляюць падзеі ў надзвычай хлуслівым святле.
З палітычных матываў былі распачатыя крымінальныя справы, па якіх з’яўляюцца абвінавачанымі дваццаць сем, а падазраванымі — трынаццаць чалавек. Большасць з гэтых людзей знаходзяцца ў зняволенні, ім не даходзяць лісты, не дазваляюцца сустрэчы з роднымі, не аказваецца медыцынская дапамога. Гэтым людзям пагражае тэрмін зняволення да пятнаццаці год. Варта звярнуць увагу, што большасць з абвінавачаных і падазраваных не займаліся хуліганскімі дзеяннямі падчас акцыі пратэсту 19 снежня. Гэта пацвярджае меркаванне, што «масавыя беспарадкі» былі правакацыяй спецслужбаў, здзейсненай, каб апраўдаць жорсткі разгон мітынгу і далейшую хвалю рэпрэсій.
Сярод тых, хто былі збітыя, арыштаваныя, несправядліва абвінавачаныя ў крымінальных злачынствах, ёсць хрысціянскія вернікі,
у тым ліку і каталікі. Большасць з іх кіравалася ў сваіх дзеяннях пачуццём любові да Радзімы, салідарнасці з народам і грамадзянскай адказнасцю. Многія з іх прымаюць удзел у грамадска-палітычным жыцці, кіруючыся вучэннем Касцёла, выказаным у пастырскай канстытуцыі «Gaudium et spes», апостальскай адгартацыі Святога Айца Яна Паўла ІІ «Christifidelis laici», энцыкліцы Святога Айца Бенедыкта XVI «Caritas in Veritate» і многіх іншых дакументах, якія Каталіцкі Касцёл на працягу дзесяцігоддзяў скіроўваў да вернікаў, заклікаючы актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, кіруючыся прынцыпымі адказнасці, салідарнасці, любові. Такім чынам, яны ёсць тымі, каго Ісус называе «шчаснымі, што пераслед церпяць дзеля справялівасці» (Мацвея, 5:10).
Мы просім Вас, глыбокапаважаныя пастыры, не заставацца абыякавымі да грубага парушэння нормаў законнасці, справядлівасці, правоў чалавека, якое назіраецца ў нашай краіне. Бо, як навучае Другі Ватыканскі сабор, «радасць і надзея, смутак і трывога людзей гэтага часу, асабліва бедных і ўсіх прыгнечаных, з’яўляецца таксама радасцю і надзеяй, смуткам і трывогай Хрыстовых вучняў» (Gaudium et spes, 1).
Мы ўсведамляем, што
сітуацыя, якая сёння склалася ў нашай краіне, ёсць занадта складанай для таго, каб вырашыць яе выключна чалавечымі сіламі. Але, як казаў Ісус, «што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога»
(Мацвея, 18:27). Таму заклікаем Вас нястомна маліцца за нашую краіну — каб Бог паспрыяў спыненню беззаконня і гвалту і аднаўленню справядлівасці і супакою.
Заклікаем Вас маліцца за тых, хто сёння пры ўладзе — каб яны пакаяліся
і перасталі чыніць несправядлівасць. Заклікаем Вас маліцца за ўвесь беларускі народ — каб людзі, узмоцненыя Духам Святым, не баяліся ў нялёгкіх і небяспечных умовах кіравацца сваім сумленнем, а не парадкамі «гэтага свету».
Мы просім Вас прыкласці ўсе магчымыя намаганні для аднаўлення ў нашай краіне справядлівасці і супакою. Другі Ватыканскі сабор навучае, што «Касцёл, заснаваны на любові Адкупіцеля, спрыяе таму, каб у межах народу і паміж народамі шырэй квітнела справядлівасць і любоў» (Gaudium et spes, 76).
Найноўшая гісторыя дае нам шмат годных прыкладаў таго, як Касцёл сваім аўтарытэтам спрыяў устанаўленню справядлівасці, супакою, пашаны да правоў чалавека ў розных краінах свету.
Актыўная пазіцыя Касцёла была адным з галоўных фактараў, якія паспрыялі мірнаму вырашэнню палітычных крызісаў у Сальвадоры (1984 г.), Філіпінах (1985 г.), Чылі (1989 г.), краінах Усходняй Еўропы. У 2010 годзе Касцёл здолеў схіліць улады Кубы да вызвалення палітычных вязняў.
Мы вельмі спадзяемся на тое, што Касцёл у Беларусі можа пайсці за гэтымі годнымі прыкладамі і сваім маральным і пастырскім аўтарытэтам паўплываць на сітуацыю, якая склалася ў нашай краіне.
Мы заклікаем Вас звярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваннем вызваліць палітычных вязняў і спыніць рэпрэсіі
супраць грамадзянскай супольнасці. Мы заклікаем Вас зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб ад гвалту і запалохвання ўлады перайшлі да дыялогу з народам.
«Асабліва ў наш час прыспешвае абавязак, каб мы станавіліся бліжнімі кожнага без выключэння чалавека і актыўна служылі яму (…), нагадваючы словы Пана: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц, 25, 40), — навучае Другі Ватыканскі сабор (Gaudium et spes, 27). Мы вельмі спадзяемся на тое, што Касцёл будзе ставіцца да тых, хто церпіць несправядлівы пераслед, менавіта так — як да сваіх бліжніх.
З малітвай і надзеяй на разуменне,
Абакунчык Галіна, парафія Маці Божай Ружанцовай (г. Мінск, Лошыца), журналіст
Арцюхоў Мікалай, парафія св. Яна Хрысціцеля (г. Мінск, Серабранка), юрыст
Баброўская Марына, парафія святых апосталаў Пятра і Паўла і сьв. Яўгена дэ Мазэно (г. Мінск, Уручча), сябра апостальскага руху «Легіён Марыі»
Бервячонак Францішка, парафія Найсвяцейшай Тройцы (г. Глыбокае)
Васілеўскі Міхаіл, парафія святога Міхала Арханёла (г. Ашмяны)
Вашкевіч Дар’я, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск)
Вінаградаў Дзмітрый, парафія Маці Божай Шкаплернай (г. Мядзел), прадпрымальнік, грамадскі актывіст, сябра апостальскага руху «Легіён Марыі»
Гарлуковіч Яўген, парафія Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьв. Антонія Падуанскага (г. Паставы), студэнт
Грэйць Ірына, парафія Адшукання Святога Крыжа (г. п. Астравец), студэнтка
Грынявецкі Эдуард, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (г. Бабруйск)
Губская Ірына, парафія святой Ганны (в. Мосар, Глыбоцкі дэканат Віцебскай дыяцэзіі), сябра Надзвычайнай рады аргкамітэта па стварэнні Партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя»
Дудкевіч Віктар, парафія Найсвяцейшай Тройцы (г. Глыбокае)
Дуло Ганна, парафія Найсвяцейшай Тройцы і Св. Роха (г. Мінск), студэнтка
Жарнасек Ірына, парафія Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса (г. Наваполацк), пісьменніца
Ількевіч Аляксандр, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск), філосаф
Іскрык Ірына, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск)
Іскрык Уладзімір, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск)
Кавалеўскі Эдвард Ян, парафія Перамянення Пана (г. Магілёў), пенсіянер, блогер
Казакевіч Дзяніс, г. Гродна, аспірант
Казінская Алена, парафія Узвышэння Святога Крыжа (г. Брэст), студэнтка Вроцлаўскага універсітэта
Калтавічанка Паўліна, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск), журналіст партала telegraf.by
Карона Людміла, парафія Св. Андрэя, апостала, і св. Леапольда Багдана Мандзіча (г. Мінск, Уручча), бухгалтар, сябра апостальскага руху «Легіён Марыі»
Каспяровіч Марыя, парафія святога Міхала Арханёла (г. Смаргонь), сябра апостальскага руху «Легіён Марыі»
Каткоўская Дар’я, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, юрыст
Кашчыц Вольга, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (в. Мураваная Ашмянка, Ашмянскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія)
Качалка Ганна, парафія Найсвяцейшай Тройцы і Святога Роха (г. Мінск), студэнтка
Ксёнжык Юлія, г. Мінск
Ліштван Алена, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (в. Мураваная Ашмянка, Ашмянскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія)
Лукуць Мар’ян, парафія святога Андрэя (г. Слонім)
Лунёва Любоў, г. Мінск, журналістка
Луня Міхаіл, парафія святога Міхаіла Арханёла (г. Ашмяны)
Луня Уладзіслава, парафія святога Міхаіла Арханёла (г. Ашмяны)
Лупач Дзмітрый, парафія Святой Тройцы (г. Глыбокае), журналіст, рэдактар газеты «Прэфект-інфо»
Лупач Сцепаніда, парафія Унебаўшэсця Пана, (в. Дзеркаўшчына, Глыбоцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія), сябра апостальскага руху «Легіён Марыі»
Манько Стэфанія, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск), студэнтка Каталіцкага універсітэта ў Любліне, сябра евангелізацыйнага руху «Святло-Жыццё»
Мікалаеў-Пашкевіч Андрэй Марыя Казімер, парафія Хрыста Збаўцы і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (г. Мінск, Шабаны), пенсіянер, блогер, сябра апостальскага руху «Легіён Марыі»
Місевіч Марыя, парафія святога Арханёла Міхала (г. Ашмяны)
Міхайлоўская Данута, парафія Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі (в. Мураваная Ашмянка, Ашмянскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія), сябра апостальскага руху «Легіён Марыі»
Міхайлоўская Эльвіра, парафія Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі (в. Мураваная Ашмянка, Ашмянскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія)
Новікава Марыя, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск), паэт, бард, арганіст касцёла святых Сымона і Алены
Папова Галіна, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (г. Мінск)
Партноў Уладзіслаў, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (г. Мінск), студэнт
Радзіеўская Вікторыя, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск), выкладчыца, аспірантка БДУ
Расінскі Андрэй, парафія Найсвяцейшай Тройцы і Святога Роха (г. Мінск), культуролаг
Руселік Валер, парафія святога Францішка Ксавэрыя (г. Гродна)
Сай Сяргей, парафія Маці Божай Фацімскай (г. Клічаў), мэнэджар
Саладуха Зміцер, парафія Найсвяцейшай Тройцы і Святога Роха (г. Мінск), рэжысёр
Самалазаў Павел, парафія Маці Божай Фацімскай (г. Баранавічы), студэнт
Самаль Жанна, г. Мінск, студэнтка Катэхетычнага каледжа імя З. Лазінскага
Сіўчык Ганна, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск)
Серабро Сяргей, г. Віцебск, журналіст, рэдактар партала «Народныя навіны Віцебска»
Стрэльчань Галіна, парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай (г. Масты)
Трафiмук Вiктар, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (г. Мінск), інжынер-праграміст
Тупека Марыя, парафія Унебаўшэсця Пана (в. Дзеркаўшчына, Глыбоцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія)
Тупека Уладзімір, парафія Унебаўшэсця Пана (в. Дзеркаўшчына, Глыбоцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія)
Урбан Аліна, парафія святога Міхаіла Арханёла (г. Ашмяны)
Халезін Мікалай, г. Мінск, арт-дырэктар Свабоднага тэатра
Хіневіч Кацярына, парафія святога Міхаіла Арханёла (г. Ашмяны)
Фралова Юлія, парафія святых Сымона і Алены (г. Мінск), студэнтка Папскага тэалагічнага факультэта ў Варшаве, сябра евангелізацыйнага руху «Святло-Жыццё»
Шантар Марыя, парафія Беззаганнага Сэрца Марыі (г. Орша)
Шошын Руслан, парафія Маці Божай Шкаплернай (г. Мядзел), журналіст, студэнт Варшаўскага універсітэта
Шылак Вольга, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (г. Мінск), студэнтка
Шымкус Рычард, парафія Найсвяцейшай Тройцы і св. Роха (г. Мінск), міністрант, студэнт
Шыталь Канстанцін, парафія Сэрца Езуса (в. Крулеўшчына, Докшыцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія), журналіст, мадэратар вэб-рэсурса westki.info
Церахава Марыя, парафія святога Арханёла Міхала (г. Ашмяны)
Цюлькоў Аляксей, парафія Божай Міласэрнасці (г. Асіповічы), ветэрынар, дэпутат Асіповіцкага раённага савета
Ючкавіч Аксана, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (в. Параф’янава, Докшыцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія), студэнтка Катэхетычнага каледжа імя З. Лазінскага
Януковіч Вікторыя, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Антонія Падуанскага (г. Паставы), студэнтка
Ярмішына Надзея, парафія братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, г. Брэст
Звяртае ўвагу, што каталіцкія вернікі не прыцягнулі да акцыі святароў, што магло б паставіць апошніх пад удар.
Раней са зваротам аналагічнага зместу выступілі дзясяткі праваслаўных актывістаў.