Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Праграма складаецца з наступных рубрык: “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня", “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасці” і “Захаваем жыццё”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05 (паўтор - серада 0:05-1:00 і субота 7:05-8:05). Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
Сёння, 22 лютага, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць “Хроніка пераследу” - агляд парушэнняў правоў чалавека, у якім прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.
У рубрыцы “Падзея тыдня” размова йдзе пра афіцыйнае папярэджаньне, якое было вынесенае Генеральнай пракуратурай праваабаронцу Алесю Бяляцкаму за дзейнасць ад імя неазарэгістраванай арганізацыі праваабарончы цэнтр Вясна. Згодна з беларускім заканадаўствам такая дзейнасьць пераследуецца ў крымінальным парадку па артыкуле 193-1.Крымінальнага кодэксу.
Цягам 2010 года міжнародная арганізацыя “Глабальнае партнерства па папярэджаньні ўзброеных канфліктаў” праводзіла ў Беларусі адмысловае даследваньне, па выніках якога была складзеная "мапа талерантнасці" беларусаў. Пра ідэю гэтага даследваньня і яго вынікі распавядае госць праграмы – магістр паліталогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, аўтар навуковай працы на тэму талерантнасці Віялета Ермакова.
Нежаданьне Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакараньне зачыняе краіне дзверы ў Раду Еўропы. Разгляд у Вярхоўным судзе касацыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакараньня Ігара Мяліка сведчыць аб тым, што Беларусь па ранейшаму застаецца прыхільніцай жорсткіх карных мер да злачынцаў. Пра гэта - у рубрыцы “Захаваем жыццё”.
У музычных паўзах - кампазіцыі маладога беларускага рок-гурту “Дзеці дзяцей”.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.