viasna on patreon

Мін’юст адпомсьціў Пыльчанку

2011 2011-02-21T10:17:55+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Старшыня Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксандр Пыльчанка выключаны са складу кваліфікацыйнай камісіі па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці.

Гэта зроблена на паставе загаду міністра юстыцыі, паведамілі Інтэрфаксу ў прэсавай службе міністэрства.

Раней Пыльчанка выказаў занепакоенасьць тым, што Мін’юст ануляваў ліцэнзіі некаторым менскім адвакатам, а таксама намерам міністэрства распрацаваць для адвакатаў новыя правілы этыкі.

"Сытуацыя крытычная, яна пагражае незалежнасьці адвакатуры. Мы плянуем склікаць экстраны сход, каб абмеркаваць тое, што адбываецца", - заявіў раней Пыльчанка.

"Мэханізм спыненьня дзеяньня ліцэнзіяў адвакатаў без ўважлівага разгляду, які апрабаваны сёньня ў краіне, ставіць у залежнасьць ўсіх адвакатаў ад Мін’юсту", - адзначыў старшыня Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.

Пыльчанка падкрэсьліў, што паводле закону прыцягненьне адваката да адказнасьці - гэта прэрагатыва калегіі адвакатаў. У дадзеным выпадку рашэньне спыніць дзеяньне ліцэнзіяў прыняло Міністэрства юстыцыі, без уліку думкі органаў адвакацкага самакіравання.

"Гэта недапушчальная сытуацыя. Тым больш што па двум адвакатам - Уладзімеру Тоўсьціку і Тамары Гараевай – праводзілася праверка, і мы паведамілі, што з іх боку ніякіх парушэньняў няма", - сказаў Пыльчанка.

Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіяў шэраг адвакатаў, якія абаранялі абвінавачаных у справе пра падзелі 19 сьнежня.

Ліцэнзій былі пазбаўленыя:

Алег Агееў, былы адвакат былога кандыдата на прэзыдэнта кандыдата Алеся Міхалевіча

Тацьцяна Агеева

Уладзімер Тоўсьцік, былы адвакат журналісткі Ірыны Халіп

Тамара Гараева, былая адвакатка Халіп.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства