viasna on patreon

10 красавіка Першамайскі раённы суд пачне разгляд справы Антона Філімонава - сына журналісткі Веранікі Чаркасавай, забітай у 2004 годзе

2006 2006-04-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16-гадовага падлетка і яшчэ траіх яго знаёмых звінавачваюць у вырабе і збыце фальшывых беларускіх грошай. Дзядуля і бабуля Антона - Уладзімір Мялешка і Дыяна Чаркасава - спадзяюцца, што суддзя Ларыса Фралянкова аб'ектыўна і ўсебакова разгледзіць справу. Слуханні заяўленыя як адкрытыя.

А. Філімонава затрымалі 27 снежня супрацоўнікі Першамайскага РУУС па падазрэнні ў вырабе беларускіх грашовых купюраў. У яго і яшчэ некалькіх яго знаёмых знайшлі некалькі купюраў па 5 і па 10 тысяч беларускіх рублёў, і ў дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 221 ч. 1 КК РБ. Падлеткі правялі некалькі сутак у следчым ізалятары часовага ўтрымання, аднак 30 снежня ўсіх, акрамя Антона, адпусцілі. Мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай была прымененая толькі да Філімонава. Нягледзячы на шматлікія звароты блізкіх падлетка і калегаў яго маці ў следчыя органы і суды, доўгі час меру стрымання Антону адмаўляліся змяніць. Толькі 13 сакавіка яго пагадзіліся выпусціць да суда пад заклад.

Праз некалькі дзён стала вядома, што справа была перакваліфікаваная: калі раней Антона звінавачвалі ў парушэнні часткі 1 арт. 221 КК РБ, якая прадугледжвала пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі, то 9 сакавіка следчы падпісаў пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы па частцы 2 таго ж артыкулу, якая прадугледжвае пакаранне ад 5 да 15 гадоў зняволення.

"Першая частка 221 артыкулу "перарасла" у частку 2 па прыкмеце "паўторнасці". Не ведаю, як будзе разглядаць гэта суд, але юрысты, адвакаты лічаць, што паўторнасці тут няма, і я ім давяраю як спецыялістам, - кажа Уладзімір Мялешка. "Хочацца спадзявацца, што суд падыдзе да справы аб'ектыўна і непрадузята і не будзе караць падлеткаў занадта жорстка, а дасць ім магчымасць выправіцца..."

Дзядуля Антона падкрэслівае, што ўсе абвінавачаныя па справе - непаўнагадовыя школьнікі, якія не былі на ўліку ў інспекцыі па справах непаўнагадовых, і нікога з якіх раней не судзілі. "Інтарэсы гэтых падлеткаў сышліся на кампутарах, і, калі знаёмішся з матэрыяламі справы, вельмі добра прасочваецца менавіта жаданне праверыць магчымасці кампутарнай тэхнікі, - кажа У. Мялешка. "Канешне, жаданне рэалізаваць гэтыя купюры - немаральнае. Але гэта можна патлумачыць эпатажнасцю падлеткаў, імкненнем даказаць, што яны смелыя... Я думаю, любы псіхолаг, педагог знойдзе масу падобных прыкладаў..."

Дзядуля Антона нагадвае, што паводле арт. 37 Міжнароднай канвенцыі аб правах дзіцяці, якую падпісала таксама і Беларусь, утрыманне за кратамі непаўнагадовых прымяняецца ў скрайніх выпадках, прычым на тэрмін ад 3 ад 10 дзён. Антон жа правёў за кратамі 76 дзён. "Я ўпэўнены, што ён атрымаў урок на ўсё жыццё", - кажа У. Мялешка.

Па словах блізкіх Антона, за час зняволення стан яго здароўя істотна пагоршыўся: да хваробаў нырак і сэрца дадаліся праблемы са шчытападобнай залозай, і цяпер падлетак трапіў у групу рызыкі па анкалогіі. На 3 красавіка была запланавана яго шпіталізацыя, аднак у сувязі з прызначэннем судовых слуханняў яе давялося адкласці, паведаміла прэс-служба БАЖу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства