viasna on patreon

Аналітычны агляд судовага працэсу па крымінальнай справе Васіля Парфянкова

2011 2011-02-17T22:14:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/parfiankou2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

17.02.2011 г. у судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска пад старшынствам суддзі Вольгі Комар, пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы – пракурора Антона Загароўскага, а таксама абаронцы -  адваката  Ігара Папкоўскага адбыўся судовы працэс Васіля Парфянкова, які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь – масавыя беспарадкі.  Гэта першы судовы разгляд у дачыненьні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19.12.2010 г.

Напачатку судовага паседжання ў судзе быў заяўлены грамадскі зыск з боку ГГУ Адміністрацыі Презідэнта Рэспублікі Беларусь, які ў судзе падтрымліваў супрацоўнік ГГУ Дзмітрый Лепеш. На пачатку судовага разбіральніцтва прадстаўнік ісца прад’явіў дакументы аб калькуляцыі шкоды нанесенай удзельнікамі акцыі пратэсту дзяржаўнай маёмасьці. Такая шкода згодна з калькуляцыяй склала 14 мільёнаў 144 тысячы беларускіх рублёў. Трэба адзначыць, што ў абвінавачваным заключэнні пракуратуры фігуравала сума ўдвая большая, а менавіта 29 мільёнаў рублёў. Такім чынам да пачатку судовага паседжання сума шкоды была зменшаная больш чым у два разы  ў параўнанні з сумай, якая агучвалася падчас папярэдняга следства.

Пасьля ўдакладнення іскавых патрабаванняў суд прыступіў да разгляду крымінальнай справы па сутнасці.

Дзяржаўны абвінаваўца ў сваім выступе абмежаваўся фармальным агучваннем абвінаваўчага заключэння, з якога вынікала, што В. Парфянкоў браў удзел у масавых беспарадках 19.12.2010 г. у г. Мінску ў раёне пл. Незалежнасці і разам з іншымі асобамі нанес не менш 61 удару па дзвярах будынку Дома Ураду. Таксама са слоў пракурора стала зразумела, што сп. Парфянкову інкрымінуецца ўзброенае супраціўленне органам улады.

В. Парфянкоў часткова прызнаў сваю віну, але толькі ў частцы таго, што ён сапраўды браў удзел у мірнай акцыі пратэсту, але не прызнаў віну ў частцы таго, што ён быццам бы браў удзел у пагромах і ва ўзброеным супраціўленні.

Дзяржаўны абваінаваўца будаваў усю доказную базу на матэрыялах следства, сярод якіх былі і відэаматэрыялы аператыўных здымкаў.

Пасьля суд перайшоў да допыту сп. В.Парфянкова.

У ходзе допыту сп. В.Парфянкоў патлумачыў, што з’яўляўся сябрам ініцыятыўнай групы Уладзіміра Некляева. Ён падрабязна распавёў парадак збору подпісаў, таксама распавёў, што падчас агітацыйнай кампаніі актыўна распаўсюджваў агітацыйныя матэрыялы выбарчага штаба У. Некляева. Сп. В.Парфянкоў патлумачыў, што на плошчу ён прыйшоў, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Рашэнне прыняць удзел у акцыі прымаў самастойна.

Сп. В.Парфянкоў падрабязна спыніўся на тым, што 19.12.2010 г. каля 19.00 ён узяў удзел у шэсьці ад офісу Грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.  Распавёў, як на калону дэманстранатаў здзейснілі напад невядомыя асобы ў чорным, усіх паклалі на зямлю, збілі кандыдата ў прэзідэнты У. Некляева, а таксама разграмілі мікрааўтобус, які ехаў у калоне дэманстрантаў.

Пасьля таго, як сп. У.Некляева аднесьлі ў будынак яго штабу ў непрытомным стане, сп. В.Парфянкоў з астатнімі актывістамі праследваў на Кастрычніцкую плошчу, дзе прыняў удзел у шэсьці да пл. Незалежнасьці. Сп. В. Парфянковым неаднаразова падкрэсьлівалася, што ён не чуў папярэджанняў з боку міліцыі, не бачыў ва удзельнікаў мірнага шэсьця арматуру, ломікаў, драўляных дубінак і іншых прыстасаванняў для гвалтоўных дзеянняў. Ён падкрэсьліваў, што адзінае, што трымалі дэманстранты – гэта сцягі розных кампаніяў і дэмакратычных рухаў.

Сп. В.Парфянкоў распавёў, што  на плошчы Незалежнасці падчас выступаў кандыдатаў у презідэнты ён пачуў гукі біцця шкла і з зацікаўленасці падыйшоў да дзвярэй Дому Ураду.  Там ён убачыў, што шкло ў дзвярах было ўжо ўсё выбітае, ён быў заціснуты натоўпам невядомых асобаў, якія грукалі ў застаўленыя драўлянымі прыстасаваннямі, падобнымі на канцылярскія шафы дзвярныя праёмы. Удзел у гэтых дзеяннях прымалі не больш за 20-30 чалавек. Сам В.Парфянкоў паддаўшыся запалу натоўпа нанес некалькі ўдараў рукой і нагой па драўлянай загароджы.

Таксама сп. В.Парфянкоў падрабязна патлумачыў, што кандыдат у прэзідэнты В. Рымашэўскі падыйшоў да групы, якая рабіла гвалтоўныя дзеянні з заклікам спыніць такія ўчынкі, затым быў зроблены жывы калідор па якому падышлі кандыдаты ў прэзідэнты А.Саннікаў і М.Статкевіч, якія таксама заклікалі спыніць гвалтоўныя дзеянні. Тады В.Парфянкоў пачаў стрымліваць іншых удзельнікаў. Такім чынам В.Парфянкоў яскрава падкрэсьліў, што кандыдаты ў прэзідэнты не мелі намеру арганізаваць гвалтоўныя дзеянні, і заклікалі невялікую групу грамадзянаў, якія справакавалі гвалтоўныя дзеянні, спыніцца.

Таксама В.Парфянкоў падкрэсьліў, што ён не бачыў у руках мітынгоўцаў арматуру і іншыя прыстасаванні для гвалту і разбурэнняў. Пасьля з’яўлення супрацоўнікаў спецназу, В.Парфянкоў пакінуў плошчу, і спыніў свой ўдзел у акцыі.

Пасьля допыту В.Парфянкова, быў дапытаны сведка сп. Ю.Фабішэсўкі, які таксама з’яўляўся актывістам штаба У. Некляева. Сп. Ю.Фабішэскі, а таксама і наступны сьведка сп. П.Яловік, не маглі не падцьвердзіць і  не абвергуць удзел В.Парфянкова ў акцыі, таму як яны яго там не бачылі.

Пасьля допыту сведкі Ю.Фабішэскага суд даследваў пісьмовыя матэрыялы справы, а таксама прагледзеў відэаматэрыялы. Відэаматэрыялы ў асноўным не апісвалі паводзіны сп. В.Парфянкова, але на тых кадрах, дзе быў бачны В.Парфянкоў - можна было ўбачыць, як ён не маючы ў руках зброю, ці іншыя прылады, зрабіў некалькі ўдараў па драўлянай загароджы. Відэаматэрыялы не падцьвярджалі тое, што В.Парфянкоў спрабаваў пранікнуць у будынак, а таксама тое, што ён меў у руках зброю, ці іншыя прыстасаванні для гвалту. Таксама відэаматэрыялы паказвалі, што гвалтоўныя дзеянні ажыццяўляліся падчас кароткага адрэзку часу, і што ў іх прымала ўдзел невялікая група асобаў.

Таксама ў матэрыялах справы фігуравала тое, што пасьля разгону мірнай акцыі пратэсту на плошчы былі знойдзены ручкі ад рыдлёвак, лядовыя скрабкі, абрэзкі арматуры, і ручная шумавая граната, якія быццам бы пакінулі ўдзельнікі акцыі, але немагчыма ўстанавіць па адбітках пальцаў, каму належалі гэтыя прадметы, і тым больш устанавіць - ці мае да іх дачыненне В. Парфянкоў. На большасці з гэтых прадметаў адбіткі пальцаў адсутнічалі ўвогуле. Варта адзначыць, што праведзеная крыміналістычная экспертыза не прызнала прадметы кшталту лядовых скрабкоў, альбо ручак ад рыдлёвак  халоднай зброяй, паколькі яны ўсе вырабленыя на вытворчасці.

Пасьля азнаямлення з матэрыяламі справы, і допыту сведкаў быў разгледжаны грамадзянскі зыск, дзе прадстаўнік істца распавёў, што згодна з калькуляцыяй прынесенай  шкоды былі сапсаваны дзверы будынку Дома Ураду, вадасцёкавая труба,  а таксама пяць кустоў ядлоўцу.

Затым у судовым паседжанні ў закрытым рэжыме, без удзелу гледачоў, былі даследваны sms-паведамленні з тэлефона В.Парфянкова. Рашэнне аб правядзенні закрытай часткі судовага паседжання было прынята таму, што гэтыя паведамленні ўтрымліваюць інфармацыю асабістага характару. 

Затым суд перайшоў да судовых спрэчак.

Дзяржаўны абвінаваўца даводзіў, што В.Парфянкоў браў удзел у масавых беспарадках, нанес не менеш 60 удараў. Гэта быццам бы даказвалася відэаматэрыяламі, іншымі матэрыяламі справы.

Напрыканцы, улічваючы, што В.Парфянкоў раней прыцягваўся да адказнасці, якая яшчэ не была пагашана згодна з заканадаўствам Беларусі, адмоўна характэрызуецца ў быце, і зноў здзейсніў цяжкае злачынства, маючы на ўвазе рэцыдыў у дзеяннях В.Парфянкова, запрасіў 6 год пазбаўлення волі.

Пасьля выступіў абаронца В.Парфянкова, адвакат Ігар Папкоўскі, які абгрунтавана давёў, што у дзеяннях яго падабаронага, а роўна і іншых удзельнікаў акцыі адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага арт.293 КК Рэспублікі Беларусь, што дзеянні В.Парфянкова ніякім чынам не мелі характар масавых беспарадкаў, паколькі яны былі лакалізаваныя ў часе, не суправаджаліся падпаламі, гвалтам над асобамі, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Не было ў судзе і даказана, што ў В.Парфянкова існавала змова з іншымі асобамі, што ён меў жаданне  псаваць маёмасць, нападаць на супрацоўнікаў міліцыі. Таму, адвакат папрасіў апраўдаць яго падабаронага.

Сам В.Парфянкоў папрасіў прабачэння за свае дзеянні і заклікаў не наказваць яго жорстка.

Суддзя выйшла  ў дарадчы пакой, а праз паўтары гадзіны вынесла прысуд, у якім прызнала В.Парфянкова віноўным ў здзяйсненні злачынства прадугледжанага ч.2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, якое выразілася ва ўдзеле ў масавых беспарадках разам з неўтаймаваным натоўпам, нанясенні ўдараў па загароджы ў будынку Дома Ураду.  Судзя адхіліла абвінавачванне ва ўзброеным супраціве і падпалах з боку В.Парфянкова. Судзя прыгаварыла Парфянкова да 4 год пазбаўлення волі, а таксама цалкам задаволіла грамадзянскі зыск аб кампенсацыі шкоды.

Па заканчэнні судовага паседжання адвакат заявіў, што мае намер абскардзіць вынесены прысуд.

Высновы:

1.   У судовым паседжанні так і не было прад’яўлена доказаў, што В.Парфянкоў браў удзел у масавых беспарадках, не быў дадзены адказ на тое, чаму суд прыйшоў да высновы пра наяўнасць змовы В.Парфянкова з іншымі асобамі на супрацьпраўныя дзеянні, не было даказана, што В.Парфянкоў разбіваў шкло, нападаў на супрацоўнікаў міліцыі, заклікаў іншых грамадзян да нападу на дзяржаўны будынак.

2.   Суд, адхіліўшы абвінавачванне ва ўзброеным нападзе, адсутнасці доказаў гвалту над асобамі з боку В.Парфянкова, на думку праваабаронцаў, павінен быў бы апраўдаць Васіля Парфянкова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства