У Менгарвыканкам падалі заяўку на акцыю 25 сакавіка
Арганізатары акцыі на Дзень Волі падалі заяву ў Менгарвыканкам аб правядзенні мітынга і шэсця ў Мінску 25 сакавіка. Вызначана, што галоўнымі лозунгамі сёлетняга мерапрыемства будуць патрабаванні вызвалення палітычных зняволеных і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
Пададзеныя раней заявы аб правядзенні дзвюх розных шэсцяў, былі адкліканы. Арганізатары дамовіліся між сабой на правядзенне агульнай акцыі. Адзін з іх, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі называе такое рашэнне «станоўчым прэцэндэнтам»:
– Я лічу, што такім чынам будзе, і ўжо ёсць, пададзены добры і станоўчы сігнал для беларускага грамадства – што беларуская апазіцыя і беларускія дэмакратычныя сілы наогул здольныя да яднання ў супольным дзеянні. Ёсць абсалютнае разуменне таго, што цяпер не месца для палітычнага піяру, самапіяру і, безумоўна, акцыя 25 сакавіка – не тая акцыя, якая магла б быць прадметам нейкіх спрэчак на палітычнай глебе.
Вырашана таксама, што акцыя пройдзе выключна пад бел-чырвона-белымі сцягамі, без сімволікі партый, рухаў і арганізацый. Арганізатары мяркуюць, што акцыя 25 сакавіка можа сабраць яшчэ болей людзей, чым паслявыбарчы Дзень Волі ў 2006 годзе, калі на вуліцы выйшлі больш за 10 тысяч чалавек.
21 лютага мае адбыцца пасяджэнне аргкамітэта, на якім будуць абмеркаваны дэталі правядзення акцыі і вызначаны іншыя варыянты на той выпадак, калі мінскія ўлады не пагадзяцца з абраным маршрутам.