viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, студзень 2010 году

2011 2011-02-15T09:40:03+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo-ahliad-hronika1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Пачатак году адзначыўся працягам рэпрэсіяў, якія ахапілі краіну пасьля  шматтысячнай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якая адбылася ў цэнтры Менску 19 сьнежня. Увесь студзень не спыняліся ператрусы і допыты ў КДБ, санкцыянаваныя ў межах расьследаваньня крымінальнай справы па арт. 293 КК РБ “Масавыя беспарадкі”. Пры гэтым пад адміністрацыйны і крымінальны перасьлед траплялі як удзельнікі мірнай акцыі, так і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ, нягледзячы на шырокі міжнародны розгалас і патрабаваньні з Еўропы і ЗША да кіраўніцтва Беларусі неадкладна спыніць рэспрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

У гэты ж час у дзяржаўных СМІ праводзілася кампанія па дыскрэдытацыі апазіцыі. Так, 9 студзеня па Першым канале БТ быў прадэманстраваны фільм «Плошча – Жалезам па шкле", прысьвечаны пасьлявыбарчым падзеям. У фільме сьцьвярджалася, што зьбіцьцё кандыдата ў прэзідэнты У.Някляева зладзілі ягоныя калегі-канкурэнты, што асобы, якія штурмавалі Дом ураду, ня мелі дачыненьня да сьпецслужбаў, а апазіцыя зьбіралася зьдзейсьніць антыканстутыцыйны пераварот. 14 студзеня ў падцьверджаньне агучаных версій праўрадавая газета «Советская Белоруссия» распачала серыю выкрывальных публікацый пра апазіцыю – “За кулісамі адной замовы”, якія перадрукавалі іншыя дзяржвыданьні «Народная газета», «Звязда» і «Рэспубліка».

Праваабаронцы заявілі, што дадзеныя публікацыі парушаюць прынцып прэзумпцыі невінаватасьці (бо сьледства толькі ідзе, прычым у закрытым рэжыме і ўсе, хто праходзіць па гэтай крымінальнай справе, папярэджаныя аб неразгалошваньні матэрыялаў сьледзтва). Дадзеныя, на якіх пабудаваныя гэтыя публікацыі, здабываліся КГБ незаконным шляхам. Публікацыі засьведлчылі, што як мінімум на працягу апошняга году за палітычнымі лідэрамі, актывістамі, журналістамі і праваабаронцамі вёўся татальны кантроль з боку сьпецслужбаў: чыталася скайпавая перапіска, электронная пошта, праслухваліся тэлефоны і г.д. Многія фігуранты публікацый заявілі, што распаўсюджаныя пра іх зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Колькасьць праведзеных за гэты час ператрусаў і допытаў, якія ахапілі грамадзкіх актывістаў практычна па ўсёй краіне, перавысіла 150. Тым ня менш, у студзені ў Беларусі і за яе межамі праходзілі грамадзкія акцыі пратэсту з патрабаваньнямі спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітзьняволеных. 

17 студзеня ў офісе Праваабарончага цэнтру “Вясна” быў праведзены другі вобшук. Супрацоўнікі сьпецслужбаў канфіскавалі адзін ноўтбук і некаторыя дакументы. Вобшукі ў гэты дзень прайшлі ў кватэры і на лецішчы кіраўніка праваабарончай арганізацыі Алеся Бяляцкага. 19 студзеня супрацоўнікі КГБ правялі вобшук у офісе “Цэнтра па правах чалавека”, а таксама на кватэры старшыні Цэнтру Раісы Міхайлоўскай. Былі канфіскаваныя кампутары. Працягваецца ціск на Беларускі Хельсінскі камітэт.

Як паведамілі 10 студзеня ў аддзеле інфармацыі і грамадзкіх сувязяў сталічнай міліцыі, у рамках расьследаваньня крымінальнай справы, якая была распачата па ч. 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу “Масавыя беспарадкі”, сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьследаваньня ГУУС Менгарвыканкаму ўстаноўлена звыш за 120 чалавек, якія актыўна ўдзельнічалі ў акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасці ў Менску.

ПЦ “Вясна” удалося ўстанавіць прозвішчы 42 абвінавачаных па справе, узбуджанай па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) і 12-ці падазраваных. Такім чынам, агульная колькасьць асобаў, якія перасьледуюцца па гэтай справе, складае ўжо 54 чалавекі.

11 студзеня Amnesty International прызнала 16 грамадзянаў Беларусі вязьнямі сумленьня і заклікала беларускія ўлады вызваліць абвінавачаных у "арганізацыі масавых беспарадкаў". Аб’яднаная грамадзянская партыя ў сваю чаргу заклікала Amnesty International зрабіць гэта ў дачыненьні да ўсіх затрыманых па крымінальнай справе актывістаў. У той жа час “Малады Фронт зьвярнуўся” да “Міжнароднай амністыі” з заклікам прызнаць вязьнямі сумленьня таксама зьняволеных лідэра арганізацыі Зьмітра Дашкевіча і кіраўніка менскай суполкі Эдуарда Лобава, абвінавачаных у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па арт. 339 КК – злоснае хуліганства. 

20 студзеня на сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу была прынятая жорсткая рэзалюцыя па Беларусі. У ёй гаворыцца, што прэзідэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 г. не адпавядалі міжнародным стандартам і прайшлі са шматлікімі сур’ёзнымі парушэньнямі, адзначанымі АБСЕ. У сувязі з гэтым Еўрапарламент заклікаў да новых выбараў, якія б былі праведзены адпаведна міжнародным стандартам. Еўрапарламент таксама заклікаў Раду, Камісію і высокіх прадстаўнікоў ЕС перагледзець палітыку ЕС адносна Беларусі, у тым ліку ўжыць эканамічныя санкцыі, а таксама падтрымаць усімі фінансавымі і палітычнымі сродкамі высілкі грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і недзяржаўных арганізацый у Беларусі, якія разьвіваюць дэмакратыю і супрацьстаяць рэжыму.

Напярэдадні канчатковага разгляду беларускага пытаньня міністрамі замежных справаў краінаў Еўрасаюзу, прызначанага на 31 студзеня, адбылося вызваленьне з-за кратаў некаторых вязьняў, затрыманых па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Так, 27-29 студзеня з СІЗА КДБ выйшлі пад падпіску аб нявыезьдзе кіраўнік выбарчага штабу А.Саньнікава Уладзімір Кобец, рэдактар сайта charter-97.org Натальля Радзіна і давераная асоба У.Някляева, галоўны рэдактар газеты "Товарищ" Сяргей Вазьняк. 29 студзеня была зьмененая мера стрыманьня кандыдату ў прэзідэнты Уладзіміру Някляеву і жонцы А. Саньнікава журналістцы Ірыне Халіп. Яны "зьмешчаныя пад хатні арышт з утрыманьнем пад вартай". 

Увечары 29 студзеня Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ распаўсюдзіў паведамленьне для прэсы, у якім гаворыцца: "Засноўваючыся на выніках праведзеных раней сьледчых мерапрыемстваў, устанаўленьні асноўных акалічнасьцяў крымінальнай справы па факце масавых беспарадкаў, ролі кожнага з абвінавачаных і іх лініі паводзінаў сьледствам па ўзгадненьні з органамі пракуратуры прынята рашэньне аб зьмяненьні меры стрыманьня ў дачыненьні да У.Някляева, А.Корбана, А.Паўлава, У.Кобеца і С.Вазняка", — гаворыцца ў паведамленьні. — Апрача таго, па гэтых і іншых падставах зьменена мера стрыманьня ў дачыненьні да І.Халіп і Н.Радзінай" (сябры партыі АГП Алег Корбан і Анатоль Паўлаў былі вызваленыя яшчэ 7 студзеня).

31 студзеня ў Бруселі Савет міністраў замежных справаў ЕС прыняў палітычнае рашэньне па сітуацыі ў Беларусі. Былі ўжытыя адно палітычныя санкцыі, быў зацьверджаны сьпіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. У яго трапілі 157 асобаў, сярод якіх Аляксандр Лукашэнка і яго сыны Віктар і Дзьмітрый, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, міністр абароны Юры Жадобін, глава Савета бясьпекі Леанід Мальцаў, кіраўнік КДБ  Вадзім Зайцаў, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, генпракурор Рыгор Васілевіч, сьпікер ніжняй палаты парламенту Уладзімір Андрэйчанка, 24 старшыні тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, 30 суддзяў і 10 журналістаў дзяржаўных СМІ ды іншыя. Гэтым асобам забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюзу, а іх рахункі і маёмасьць у краінах ЕС замарожаныя. У прынятым рашэньні адзначаецца, што гэты сьпіс з’яўляецца адкрытым і можа быць перагледжаны.

31 студзеня ЗША таксама аб'явілі аб увядзеньні санкцыяў адносна Беларусі, але ў  адрозьненьне ад ЕС ЗША не абмежаваліся ўвядзеньнем толькі візавых санкцыяў. У прыватнасьці, ЗША аднавілі эканамічныя санкцыі адносна беларускіх прадпрыемстваў "Полацак-Шкловалакно" і "Лідская лакафарба", пашырылі сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Паводле словаў афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартаменту ЗША Філіпа Кроўлі, уезд у ЗША будзе закрыты для тых асобаў і членаў іх сем'яў, хто мае дачыненьне да разгону акцыі пратэсту 19 сьнежня ў Менску і наступных рэпрэсіяў у Беларусі.


1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў 

12 студзеня Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне Беларускаму Хельсінскаму камітэту за «неаб’ектыўную» інфармацыю, накіраваную ў міжнародныя арганізацыі. Нагодай паслужыла тое, што РПГА “БХК” наікраваў паведамленьне Сьпецыяльнаму дакладчыку ААН па пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнауль пра ціск, што аказваецца ўладамі на адвакатаў, якія ажыцьцяўляюць абарону абвінавачаных і падазраваных у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 г. і ўдзеле ў іх, а таксама аб іншых фактах перасьледу і запалохваньня адвакатаў у Беларусі. Напачатку Мінюст прапанаваў прадаставіць тэкст гэтага паведамленьня, потым адклікаць само паведамленьне, а ў выніку вынес папярэджаньне праваабарончаму аб’яднаньню, абвінаваціўшы сярод іншага БХК у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

2. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

1 студзеня стала вядома, што старшыня "Маладога Фронту" Зьміцер Дашкевіч і актывіст арганізацыі Эдуард Лобаў, затрыманыя 18 сьнежня, пераведзеныя ў турму № 8 г. Жодзіна. 6 студзеня ім прад’яўлена абвінавачаньне па ч.3 арт. 339  КК "Хуліганства" – па версіі сьледзтва палітычныя актывісты беспадстаўна зьбілі ў Менску невядомых грамадзянаў. Як стала вядома маці Э. Лобава, 13 студзеня двое  супрацоўнікаў, адзін з якіх прадставіўся аператыўнікам КДБ, але назваць прозьвішча адмовіўся, цікавіліся дзейнасьцю актывіста у складзе МФ. Калі той адмовіўся даваць паказаньні, яму прыгразілі пераводам у іншую камеру турмы і фізічнай расправай. З ліста З. Дашкевіча вядома, што яго дапытвалі па справе аб масавых беспарадках і прапаноўвалі сьведчыць супраць сваіх паплечнікаў.

ПЦ “Вясна” удалося ўстанавіць прозвішчы 42 абвінавачаных па справе, узбуджанай па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) і 12-ці падазраваных. Такім чынам, агульная колькасьць асобаў складае ўжо 54 чалавекі. Гэта:

  1. Арастовіч Аляксандр – давераная асоба М. Статкевіча (пад вартай у СІЗА КДБ)
  2. Атрошчанкаў Аляксандр – прэс-сакратар выбарчага штаба А. Саннікава (пад вартай у СІЗА КДБ)
  3. Бандарэнка Зьміцер – каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" (пад вартай у СІЗА КДБ)
  4. Брэус Арцём – грамадзянін Расійскай Федэрацыі (пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага)
  5. Буланаў Дзьмітрый – адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту (пад вартай у СІЗА № 1)
  6. Вазьняк Сяргей – давераная асоба У. Някляева (29 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе)
  7. Васілевіч Ільля – адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту (пад вартай у СІЗА №1)
  8. Вінаградаў Павал – актывіст кампаніі “Гавары праўду” (пад вартай у СІЗА №1)
  9. Гапонаў Іван – грамадзянін Расійскай Федэрацыі (пад вартай у СІЗА №1)
  10. Грыбко Арцём – адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту (пад вартай у СІЗА №1)
  11. Дзьмітрыеў Андрэй – кіраўнік выбарчага штабу У. Някляева (3 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе)
  12. Квяткевіч Аляксандр – адбыў 12-сутачны арышт (пад вартай у СІЗА КДБ)
  13. Класкоўскі Аляксандр – былы супрацоўнік міліцыі (пад вартай у СІЗА КДБ)
  14. Кобец Уладзімір – кіраўнік выбарчага штабу А. Саннікава (вызвалены з-пад варты 27 студзеня пад падпіску аб нявыездзе)
  15. Корбан Алег – лідэр "Маладых дэмакратаў", кіраўнік выбарчага штабу Я.Раманчука (7 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе)
  16. Ліхавід Мікіта – актывіст Руху "За свабоду" (пад вартай у СІЗА №1)
  17. Лобан Уладзімір – адбыў 10-сутачны адміністрацыйны арышт (пад вартай у СІЗА №1)
  18. Лябедзька Анатоль – старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (пад вартай у СІЗА КДБ)
  19. Малчанаў Аляксандр – удзельнік акцыі 19 сьнежня з Барысава (пад вартай у СІЗА КДБ)
  20. Марцалеў Сяргей – кіраўнік выбарчага штаба М. Статкевіча (пад вартай у СІЗА КДБ)
  21. Міхалевіч Аляксей – кандыдат у прэзідэнты (пад вартай у СІЗА КДБ)
  22. Мядзьведзь Дзьмітрый – адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту (пад вартай у СІЗА №1)  
  23. Новік Дзьмітрый – удзельнік дэманстрацыі 19 сьнежня (пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага)
  24. Някляеў Уладзімір – кандыдат у прэзідэнты (вызвалены з-пад варты  29 студзеня пад хатні арышт пад аховай)
  25. Пазьняк Андрэй – пакараны штрафам у  памеры 30 б.в. за ўдзел у дэманстрацыі (пад вартай у СІЗА №1)
  26. Палажанка Анастасія – намесьнік старшыні "Маладога Фронту" (пад вартай у СІЗА КДБ)
  27. Парфянкоў Васіль – актывіст штаба У. Някляева (пад вартай у СІЗА №1)
  28. Паўлаў Анатоль – давераная асоба Я. Раманчука (7 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе)
  29. Радзіна Натальля – журналістка, рэдактар інтэрнэт-рэсурсу Хартыя’97 (28 студзеня вызвалена з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе)
  30. Рымашэўскі Віталь – кандыдат у прэзідэнты (1 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе пасьля тлумачальнай запіскі на імя А.Лукашэнкі)
  31. Саннікаў Андрэй – кандыдат у прэзідэнты (пад вартай у СІЗА КДБ)
  32. Севярынец Павал – давераная асоба кандыдата В. Рымашэўскага (пад вартай у СІЗА КДБ)
  33. Статкевіч Мікалай – кандыдат у прэзідэнты (пад вартай у СІЗА КДБ)
  34. Федаркевіч Алег – удзельнік дэманстрацыі (пад вартай у СІЗА № 1)
  35. Фядута Аляксандр – палітолаг, адзін з каардынатараў выбарчага штабу У. Някляева (пад вартай у СІЗА КДБ)
  36. Халіп Ірына – журналістка, жонка кандыдата А. Саннікава (29 студзеня вызвалена з-пад варты пад хатні арышт пад аховай)
  37. Хамічэнка Уладзімір – быў пакараны 15-цю суткамі арышту (пад вартай)

Сярод падазраваных па дадзенай крымінальнай справе: Апішаў Дзьмітрый, Васілеўскі Аляксандр, Гнедчык Алег, Давыдзенка Антон, Каваленка Усевалад (магчымы падазраваны), Казакоў Сяргей , Кастусёў Рыгор (кандыдат у прэзідэнты), Кіркевіч Алесь, Клюеў Сяргей, Красноў Мікіта (знаходзіцца за межамі Беларусі), Мікалаеў Андрэй, Мірзаянаў Фёдар, Навіцкі Леанід (давераная асоба Андрэя Саннікава, знаходзіцца за межамі краіны), Ус Дзьмітрый (кандыдат у прэзідэнты), Яроменак Уладзімір.

9 студзеня ўзяты пад варту ўдзельнік "справы 14-ці" Максім Дашук. У пастанове ад 24 сьнежня 2010 г. значыцца – за парушэньне парадку адбыцьця пакараньня.  

3. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

10 студзеня супрацоўнікі Барысаўскага РУУС правялі ператрус у рэдакцыі недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Борисовские новости”, санкцыянаваны Упраўленьнем КДБ па Менскай вобласьці. Ператрусы ў рэдакцыі і па месцы жыхарства рэдактара вяліся ў межах расьследаваньня крымінальнай справы аб масавых беспарадках з мэтай выяўленьня «прыладаў злачынства». У выніку з рэдакцыі вынеслі ўсю аргтэхніку — 12 кампутараў (з маніторамі і нават мышкамі), 3 факсавыя апараты, сканер, 3 фотаапараты, флэшкі, дыскі, а таксама асабісты ноўтбук А. Букаса. Тым ня менш, рэдакцыя сабрала неабходную аргтэхніку і здолела выпусьціць чарговы нумар выданьня.

12 студзеня спынена вяшчаньне незалежнай радыёстанцыі «Аўтарадыё» на падставе рашэньня Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні 188/11 ад 11 студзеня 2011 г. за подпісам старшыні камісіі А. Праляскоўскага. Рашэньне камісіі абгрунтавана “невыкананьнем “Аўтарадыё” творчай канцэпцыі і распаўсюджваньнем у эфіры інфармацыі, якая зьмяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці”. Аднак у чым канкрэтна гэта выяўляецца не тлумачыцца.Па меркаваньні галоўнага рэдактара радыёстанцыі Юрыя Базана, закрыцьцё зьвязана з трансляцыяй у перыяд агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзідэнта матэрыялаў кандыдатаў у прэзідэнты А. Саннікава і У. Някляева. У сувязі з ануляваньнем ліцэнзіі, кіраўнік “Аўтарадыё” зьвярнуўся з пазовам у Вышэйшы гаспадарчы суд. "Аўтарадыё" ўжо зачынялі ў 1995 годзе. Тады вяртаньне ў эфір заняло 4 гады.

12 студзеня ў Гродна ў выніку ператрусаў у журналіста «Газэты Выборчэй» Андрэя Пачобута і ў фотакарэспандэнта газэты «Глос з-над Немна» Аляксея Салея супрацоўнікі КДБ канфіскавалі носьбіты інфармацыі. Затым А. Пачобута даставілі ў КДБ, а потым – ў Менск у РУУС Кастрычніцкага раёну, дзе ён правёў ноч. На наступны дзень, 13 студзеня, Кастрычніцкі райсуд сталіцы пакараў журналіста штрафам у памеры 50 б.в. (1 млн. 750 тыс. руб.) на падставе ч. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Гэта быў працяг разгляду адміністрацыйнай справы, узбуджанай пасьля разгону акцыі 19 сьнежня, але тады суд адправіў яе на дапрацоўку. 18 студзеня пракуратура Кастрычніцкага раёну апратэставала судовае рашэньне, палічыўны яго занадта мяккім. 28 студзеня Менгарсуд  адмяніў рашэньне Кастрычніцкага райсуду і накіраваў справу на паўторны разгляд.

13 студзеня ў кватэры, дзе прапісана незалежная журналістка, сябра БАЖ Кацярына Ткачэнка, у адсутнасьць жыхароў быў праведзены ператрус. У выніку быў пашкоджаны замок, канфіскаваны мадэм. Па дадзеным факце К.Ткачэнка падала скаргу ў пракуратуру.

14 студзеня Рада ГА «БАЖ» прыняла заяву, у якой запатрабавала тэрмінова вызваліць сябраў арганізацыі, што знаходзяцца пад вартай; спыніць перасьлед за выказваньне меркаваньня; вярнуць журналістам і СМІ абсталяваньне і носьбіты інфармацыі, забраныя ў часе вобшукаў.

17 студзеня газета «Народная Воля» атрымала трэцяе цягам году папярэджаньне Міністэрства інфармацыі за подпісам міністра Алега Праляскоўскага. Падставай паслужыла нататка «Хто пачуе лозунг «Сыходзь?!» - аб пачатку «Маладым фронтам» аднайменнай акцыі, надрукаванай у верасьнеўскім нумары.

18 студзеня на 14 сутак арышту быў асуджаны карэспандэнт Радыё “Рацыя” Барыс Гарэцкі, затрыманы напярэдадні каля будынку КДБ. Ён браў інтэрв’ю ў сваякоў палітзьняволеных, што прынесьлі ім перадачы ў сьледчы ізалятар. Суд Маскоўскага раёну сталіцы прызнаў журналіста віноўным ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 19 сьнежня. На кватэры Б.Гарэцкага, а таксама ў яго брата адбыліся ператрусы. 24 студзеня Менгарсуд адхіліў касацыйную скаргу на рашэньне раённай інстанцыі па справе журналіста. Довады адваката і дакументальнае падцьверджаьнне таго, што Б.Гарэцкі выконваў на плошчы рэдакцыйнае заданьне Радыё «Рацыя», не былі прынятыя да ўвагі ні судом першай інстанцыі, ні пры касацыйным разглядзе.

20 студзеня вядучы ток-шоў тэлеканала ОНТ «Выбар» Сяргей Дарафееў пасьля вяртаньня з вымушанага адпачынку быў адхілены ад працы ў эфіры. Прычынай паслужыла тое, што падчас апошняга выпуску праграмы 19 сьнежня, які выходзіў у прамым эфіры і быў прысьвечаны вынікам прэзідэнцкіх выбараў, журналіст задаў некалькі «нязручных» пытаньняў старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. У адказ, спаслаўшыся на вялікую колькасьць працы, яна дэманстратыўна пакінула студыю. На наступны дзень працу вядучага раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, і С. Дарафееў зьнік з эфіру. Замест ток-шоў “Выбар” 31 студзеня на ОНТ стартавала новая грамадска-палітычная праграма «Адкрыты фармат» з іншымі вядучымі. Тэмай першага выпуску сталі выбары прэзідэнта і пасьлявыбарчая сітуацыя. Зразумела, новае шоў - чарговы прапагандысцка-ідэалагічны прадукт беларускіх уладаў.

Еўрапейская камісія па дэмакратыі праз права (Венецыянская камісія) зрабіла выснову, што папярэджаньне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» напачатку 2010 года, супярэчыць адразу некалькім артыкулам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека. Пра гэта паведамляецца на сайце Венецыянскай камісіі 12 студзеня. Рашэньне камісіі датавана 17-18 сьнежня 2010 г.

4. Адміністрацыйныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

19 студзеня каля 20 чалавек былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС сталіцы за ўдзел у акцыі салідарнасьці з вязьнямі Плошчы-2010. Людзей затрымлівалі на падыходах да будынку КДБ, у некаторых яшчэ па дарозе адбіралі партрэты палітзьняволеных. Тыя, каму ўдалося прабіцца да месца пікетаваньня, запальвалі зьнічкі. Нягледзячы на напружаную атмасферу, акцыя працягвалася каля гадзіны. У гэты ж час каля Чырвонага касьцёлу таксама запальвалі і ставілі зьнічкі. Людзі ўвесь вечар ішлі да помніка архангела Міхаіла, сьпявалі “Магутны Божа”, заходзілі ў касьцёл. Тут быў затрыманы Валеры Сядоў, які са словамі “Свабоду!” паставіў каля зьнічак партрэт зьняволенага М. Статкевіча і жорстка выказаўся на адрас дзеючай ўлады. Суд пакараў В. Сядова 12-цю суткамі адміністрацыйнага арышту. З усіх затрыманых каля КДБ да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафу ў памеры 30 б.в. (1 млн. 50 тысяч) былі прыцягнуты двое ўдзельнікаў: Мікіта Валадзько і Кірыл Кудроў. Астатніх адпусьцілі.

20 студзеня Маскоўскі райсуд сталіцы  пакараў 7-ю суткамі арышту за ўдзел у пасьлявыбарчым мітынгу маладафронтаўца Уладзіміра Яроменку. Раней актывіст ужо адседзеў 15-сутачны арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці на плошчы Незалежнасьці 20 сьнежня. Пасьля адбыцьця другога арышту У. Яроменак не выйшаў з ізалятару на Акрэсьціна, а быў зьмешчаны ў СІЗА КДБ у якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

20 студзеня Наваполацкі гарадзкі суд пакараў штрафамі мясцовых актывістаў Віктара Калесьніка і Аляксандра Калінцава, якія  напярэдадні выставілі насупраць мясцовага гарвыканкаму вялікі транспарант са словамі "Свабоду зьняволеным!" і партрэтамі вязьняў СІЗА КДБ. В.Калесьніка, які падчас выбараў быў даверанай асобай кандыдата А.Саньнікава, прызналі арганізатарам несанкцыянаванай акцыі і прысудзілі 20 б.в. штрафу (700 тыс. руб.), А. Калінцаву – 2 б.в.

21 студзеня Маскоўскі райсуд сталіцы пакараў 9 суткамі адміністрацыйнага арышту актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўсевалада Шашарына. Раней яго двойчы выклікалі на допыт па падзеях 19 сьнежня, пасьля апошняга допыту затрымалі і склалі пратакол паводле арт.23.34 КаАП. 

21 студзеня падчас прамой трансьляцыі інаўгурацыі прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі на Кастрычніцкай плошчы быў затрыманы паэт-праграміст Андрэй Філіпчык. Яго "віна" заключалася ў тым, што ён пасьміхаўся, гледзячы на вялікі экран, размешчаны на плошчы.. Паводле складзенага міліцыянтамі пратаколу па артыкулу за дробнае хуліганства (брыдкаслоўе) суд Цэнтральнага раёну сталіцы аштрафаваў А.Філіпчыка на 15 базавых велічыняў.

28 студзеня ў Навагрудку вынесены прысуды сябрамі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Уладзіміру Качагуру, Дар'і Бахар і Сяргею Воўчаку па абвінавачваньні ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства і няяўцы ў пракуратуру. Усе атрымалі вуснае папярэджаньне і штраф у шэсьць базавых велічыняў (210 тыс.) кожны.

29 студзеня сябра АГП Аляксандр Сяргеенка, які меўся балатавацца на пасаду старшыні арганізацыі, нечакана не прыйшоў на з’езд «Маладых дэмакратаў». Як высьветлілася пазьней, ён быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар на Акрэсьціна. 31 студзеня суд Маскоўскага раёну Менску пакараў А. Сяргеенку адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 7 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве па арт.23.34 КаАП РБ.

28 студзеня быў затрыманы Цімафей Атрошчанкаў. Позна вечарам нехта патэлефанаваў яму з інфармацыяй пра брата Аляксандра, зьняволенага паводле крымінальнай справы 19 сьнежня. Ён пайшоў на сустрэчу і не вярнуўся. Толькі на другі дзень стала вядома, што яго адвезьлі на Акрэсьціна. 31 студзеня Маскоўскі райсуд сталіцы пакараў Ц. Атрошчанкава 9 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве па арт.23.34 КаАП РБ.

31 студзеня Цэнтральны райсуд сталіцы вынес прысуды затрыманым напярэдадні за акцыю салідарнасьці пад будынкам КДБ. Кася Людвік, Паліна Кур’яновіч і Максім Вінярскі асуджаныя на 10  сутак адміністрацыйнага арышту, Аляксандр Іўлеў, Зьміцер Бойка, Леанід Кулакоў і Марына Адамовіч пакараныя штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1 млн.50 тыс. руб) кожны.

6.  Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычных матывах

4 студзеня калегія Міністэрства юстыцыі падтрымала рашэньне Кваліфікацыйнай камісіі па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь за 3 студзеня аб ануляваньні ліцэнзіі адвакату Гарадзенскай абласной калегіі Валянціне Бусько. Прычына ануляваньня ліцэнзіі – "парушэньне дзейнага заканадаўства, якое выявілася ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 19 сьнежня 2010 году, які прывёў да масавых беспарадкаў з нанясеньнем шкоды дзяржаўным установам" (за ўдзел у акцыі Бусько была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе арышту тэрмінам на 10 сутак).

Акрамя таго, калегія Мінюсту разгледзела дзейнасьць некаторых адвакатаў, якія ажыцьцяўляюць абарону асобаў, што ўдзельнічалі ў акцыі 19-20 сьнежня ў Менску. Так, адваката А. Саньнікава Паўла Сапелку вырашана прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці.

Па інфармацыі камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" пасьля падзеяў 19 сьнежня назіраецца тэндэнцыя павелічэньня выпадкаў звальненьняў і адлічэньняў па палітычных матывах. Так з 19 сьнежня 2010 гады па 25 студзеня 2011 вядома, што звольненыя з працы 11 чалавек, адлічаныя 2 навучэнца прафесійна-тэхнічных каледжаў, адлічаны 1 студэнт з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя М. Танка, 61 студэнт (што ўдзельнічалі ў пасьлявыбарчай акцыі пратэсту) знаходзяцца пад пагрозай адлічэньня  з вышэйшых вучэбных установаў. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства