Студэнтаў выключаюць з навучальных установаў за палітычныя погляды і ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы
23 сакавіка быў выдадзены загад пра адлічэньне Дзяніса Дзюбы, студэнта 3 курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта дзённай формы навучаньня. Фармулёўка: "сістэматычнае парушэньне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку". Дзяніс Дзюба прымаў удзел у мірнай акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску і быў арыштаваны на 10 сутак. Яго затрымалі 20 сакавіка 2006 года ў 23.10 на Кастрычніцкай плошчы, пры сабе ён меў турыстычную палатку. Пастанове суда Цэнтральнага раёну была, стандартная "паводзіў сябе нахабна, з выклікам, лаяўся ў адрас супрацоўнікаў міліцыі, на заўвагі не рэагаваў, сваімі дзеяньнямі парушаў грамадзскі парадак".
Нягледзячы на тое, што на судзе Дзюба віны не прызнаў і сьцьвярджаў, што "не лаяўся нецэнзурна, паводзіў сябе спакойна", суд вынес рашэнье па арт. 156 КаАП. Паводле рэшэнья суда “віноўнасьці Дзюбы Д. пацьвердзілася рапартамі упрацоўнікаў міліцыі Балашова І.М. і Хахлова. І.А" Пакуль Дзяніс Дзюба адбываў пакаранне ў сьпецпрыёмніку на Акрэсьціна, быў выдадзены загад пра яго адлічэньне.
А вось фрагмент службовай запіскі рэктару Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта прафесару Кухарчыку: "Прашу адлічыць з БДПУ студэнта 1-га курса гістарычнага факультэтата Шкурынава Рыгора за сістэматычнае парушэньне вучэбнай дысцыпліны і правіл унутранага правапарадку, выявіўшыеся ў расклеіваньні на асьвятляльных мачтах і фасадаў дамоў ў г. Мінску наклеекі і, у выніку парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў". На службовай запісцы стаіць рэзалюцыя прафесра Кухарчыка "ОК. В приказ" (цытата даслоўная – менавіта ОК). Сьледам за службовай запіскай быў выдадзены загад "адлічыць з БДПУ за сістэматычнае парушэньне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку".