viasna on patreon

Гэтым разам Насту Лойка выклікае контрвыведка

2011 2011-02-14T13:06:53+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lojkanasta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Наста Лойка

Праваабаронца Наста Лойка

14 лютага да праваабаронцы Насты Лойка патэлефанаваў следчы з ваеннай контрвыведкі. Ён адмовіўся прадставіцца і сказаў, што пры сустрэчы можа паказаць сваё службовае пасведчанне. Калі Наста ўдакладніла, што менавіта ад яе патрабуецца, ён адказаў, што хоча запрасіць на размову.

- Я адразу сказала, што размаўляць з ім адмаўляюся і, калі ён хоча дапытаць мяне ў якасці сведкі, то павінен даслаць мне дадому позву, аформленую належным чынам, якую б я атрымала пад подпіс. Нагадала яму пра пэўныя працэсуальныя нормы, якія ўказваюць, што павінна быць прапісана ў позве - інакш я сказала, што не з’яўлюся. Следчы даволі ветліва паспрабаваў удакладніць маю адрэсу, я адказала, што ў іх дастаткова і сваіх каналаў для гэтага. Ён паабяцаў бліжэйшым часам даслаць позву.

Цікава, што 4 студзеня Насту Лойка ўжо дапытвалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках супрацоўнікі КДБ, а менавіта следчыя Барысевіч і Свістун. Пасля гэтага, каля двух тыдняў таму, да праваабаронцы таксама тэлефанаваў следчы ўпраўлення папярэдняга раследвання пры ГУУСе Менгарвыканкаму Дашчынскі.

- Ён таксама спрабаваў запрасіць мяне на размову, я зноў жа стала патрабаваць ад яго позву. Ён вельмі настойваў і нават пагражаў. Яму было вядома пра скаргі, якія мы накіроўвалі ў пракуратуру на дзеянні некаторых следчых гэтай следчай групы. У выніку позвы я так і не атрымала.

Наста Лойка звяртае ўвагу на тое, што следчы з контрвыведкі, які сёння тэлефанаваў, не ведаў пра тое, што яе дапытвалі ў КДБ:

- Відавочна, што ў іх там бардак і гэта вялікая следчая група не можа нават скаардынавацца паміж сабой. Якім чынам яны збіраюцца раскрываць хоць нейкае злачынства – гэта пытанне. Таму вынікі іх дзейнасці пабачым у судзе, аднак па форме іх працы ўзнікае шмат пытанняў.     

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства