У Магілёве Паўла Варашылава дапыталі на працы
Супрацоўнікі УКДБ па Магілёўскай вобласці наведаліся на працу да грамадскага актывіста Паўла Варашылава, дзе і дапыталі яго ў якасці сведкі па справе аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня.
- Сёння ў 11.30 на працу да мяне прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Мяне выклікалі ў аддзел кадраў, а пасля перайшлі ў залу паседжанняў. Там супрацоўнік КДБ Пракапчук Аляксандр Віктаравіч патлумачыў, што яны выклікалі мяне позвай, але я не з’явіўся – таму яны прыйшлі да мяне на працу, - распавядае Павел.
Ён адзначыў, што не распісваўся за позву, якую яму ўзгадалі візіцёры, таму нікуды не хадзіў. Актывіста дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках:
- Задавалі пытанні, ці быў я на Плошчы, ці ведаю лідараў апазіцыйных арганізацый і партый і ці магу супрацоўнічаць з імі па гэтай крымінальнай справе. На гэта я адказаў, што на Плошчы мяне не было, хто ехаў туды са знаёмых, не ведаю.
Таксама супрацоўнікаў КДБ цікавіла, якое дачыненне Павел Варашылаў мае да арганізацыі “Маладая Беларусь” і грамадзянскай кампаніі “Наш дом”.
Па словах актывіста, допыт цягнуся каля двух гадзінаў.