Сьмяротны прысуд майстру джыу-джытсу Мяліку Вярхоўны суд пакінуў ў сіле
Калегія Вярхоўнага суда Беларусі пад старшынствам намесьніка старшыні ВС Валерыя Калінковіча 11 лютага разгледзела касацыйныя скаргі асуджанага да вышэйшай меры пакараньня жыхара Гомельшчыны Ігара Мяліка.
14 верасьня 2010 года Магілёўскі абласны суд вынес Мяліку сьмяротны прысуд за здзяйсненьне серыі забойстваў, рабаўніцтва, крадзеж у складзе злачыннай групоўкі, а таксама за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і баепрыпасаў. Па справе таксама праходзілі заснавальнік Беларускага рэспубліканскага аб'яднаньня джыу-джытсу і самаабароны Аляксандр Козыраў і сябра аб’яднаньня Аляксандр Сычоў. Козыраў пазбавіўся жыцьця ў магілёўскім СІЗА. Сычоў асуджаны да пажыццёвага зняволеньня.
Злачынная групоўка забівала
грамадзянаў іншых краін, якія ехалі на машынах з небеларускімі нумарамі
транзітам праз тэрыторыю Магілёўскай вобласці і спыняліся адпачыць, рабавалі іх, забіраючы асабістыя рэчы і аўтамабілі. Кіраваў
дзеяньнямі забойцаў Аляксандар Козыраў.
Абодва асуджаныя, як і іх "духоўны гуру" Козыраў, - жыхары Гомельшчыны. Першае выкрытае сьледзтвам іхняе злачынства было здзейсьненае 25 чэрвеня 2009 года. За тры месяцы разбою яны забілі чатырох чалавек:
двух грамадзянаў Расеі і двух — Малдовы.
Заслухаўшы касацыйную скаргу, аргументы падсуднага, довады адваката і дадаткова прадстаўленыя разам з касацыйнай скаргай дакументы, Калегія Вярхоўнага Суда пакінула прысуд суда першай інстанцыі бяз зменаў.
У Ігара Мяліка застаўся адзіны шанец – памілаваньне ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Усе падрабязнасьці пра разгляд касацыйнай скаргі асуджанага да смяротнай кары Ігара Мяліка чытайце пазьней на нашым сайце.