viasna on patreon

Human Rights Watch заклікае расследаваць факты жорсткага абыходжання з затрыманымі пасля падзей 19 снежня

2011 2011-02-11T11:29:20+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Праваабаронцы Human Rights Watch заклікаюць беларускія ўлады правесці неадкладнае расследаванне фактаў жорсткага абыходжання з затрыманымі ўдзельнікамі падзей 19 снежня. Адпаведная заява размешчана на сайце арганізацыі.

Спасылаючыся на даныя праваабаронцаў міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй у Беларусі і беларускага Цэнтра прававой трансфармацыі, Human Rights Watch адзначае: "У многіх выпадках супрацоўнікі сіл бяспекі білі і зневажалі людзей, трымалі іх на працягу многіх гадзін на холадзе без доступу да ежы, вады і прыбіральні. Суды выносілі прыгаворы паспешна, без правядзення належнага разбору. Гэта была пародыя на правасуддзе ад пачатку да канца".

Нагадаем, 9 лютага прадстаўнікі міжнароднай назіральнай місіі на прэс-канферэнцыі ў Мінску абнародавалі вынікі даследавання 205 анкет затрыманых грамадзян. Паводле іх звестак, найбольш масава і жорстка прадстаўнікі ўлады прымянялі насілле і жорсткасць пры затрыманні людзей, асноўная частка з якіх не аказвала пры гэтым ніякага супраціўлення.

Асабліва здзекліва выглядалі парушэнні працэдуры адміністрацыйнага пераследу: суддзі дапускалі мноства грубых працэсуальных парушэнняў, на судовыя пасяджэнні не дапускаліся адвакаты, сваякі, журналісты і нават сведкі з боку абароны.

Як заявіў прадстаўнік Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Ігар Сажын, "насілле прымянялася да кожнага чацвёртага затрыманага, прычым акты насілля суправаджаліся знявагамі і ўніжэннямі затрыманых".

Акрамя таго, паводле інфармацыі праваабаронцаў, можна прызнаць, што ўмовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных у следчых ізалятарах у многіх выпадках зневажалі чалавечую годнасць.

Паводле звестак праваабаронцаў, пасля акцыі 19 снежня было затрымана больш за 600 чалавек. Па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску ў якасці абвінавачваных праходзяць 42 чалавекі, яшчэ 12 — знаходзяцца ў статусе падазроных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства