Журналіста Рацыі Міколу Бянько запрашаюць у мінскі РУУС
Журналісту Радыё Рацыя Міколу Бянько патэлефанаваў незнаёмы чалавек і запрасіў на размову ў Маскоўскае РУУС горада Мінска.
У адказ на просьбу прадставіцца і назваць сваё званне суразмоўца сказаў, што ён маёр міліцыі Аляксандр Васільевіч, але прозвішча назваць адмовіўся. Па словах журналіста, у яго спрабавалі дазнацца месца пражывання ў Гомелі, а з самой гутаркі вынікае, што з яго хочуць узяць адбіткі пальцаў:
– 24 студзеня мяне ўжо выклікалі на допыт. Я меў размову, якая скончылася без складання пратакола – там я ўжо фігураваў як сведка па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Цяпер я не ведаю, кім я фігурую, таму што Аляксандр Васільевіч так і не сказаў да канца. Магчыма, я таксама сведка па нейкай крымінальнай справе, бо яны спрабуюць мяне выклікаць на размову па законе аб масавай дактыласкапіі. Я папрасіў не дапускаць памылак і напісаць позву па адрасе маёй рэальнай прапіскі і ўказаць, што я выклікаюся не ў якасці нейкага там сведкі па надуманай крымінальнай справе, а рэальна пазначыць, што я выклікаюся па законе аб масавай дактыласкапіі.
Журналіст зазначае, што лічыць абуральнай практыку шырокага прыцягнення да здачы адбіткаў пальцаў ваенна-абавязанага насельніцтва, і называе гэта тэрарызмам у дачыненні да беларускага грамадства.
Два тыдні таму журналіст быў на размове ў Фрунзенскім РУУС беларускай сталіцы.