Пасля КДБ Дзяніса Садоўскага выклікаюць у контрвыведку
Пасля допыту ў КДБ Дзянісам Садоўскім зацікавілася вайсковая контрвыведка – адказнаму сакратару Беларускай хрысціянскай дэмакратыі пяць разоў тэлефанавалі дамоў з патрабаваннем з’явіцца на допыт па падзеях 19 снежня.
Напярэдадні актывіст ужо даваў паказанні па заведзенай крымінальнай справе, допыт цягнуўся больш за тры гадзіны, а следчых цікавілі адносіны Садоўскага з абвінавачанымі, паводзіны ў дзень прэзідэнцкіх выбараў і ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці.
Сведчыць супраць сябе хрысціянскі дэмакрат адмовіўся, у адказ на што атрымаў новае запрашэнне на допыт:
– У першай палове дня патэлефанавалі з ваеннай контрвыведкі, папрасілі прыйсці на допыт. Вельмі прасілі прабачэння, што мяне цягалі на допыт у КДБ учора, а сёння ў контрвыведку. Абгрунтаванне вельмі простае – вельмі-вельмі трэба з вамі паразмаўляць, вас ужо шукаем тры тыдні, вельмі-вельмі просім. Чаму шукаюць? Зразумела чаму, краіна ў нас такая. З адвакатам усё нармальна, я з ім пракансультаваўся, а ён мне сказаў, што на любыя нязручныя пытанні я проста магу не адказваць.
Дзяніса Садоўскага, як і аднаго з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, абараняе адвакат Алег Працэнка.
Раней супрацоўнікі вайсковай контрвыведкі дапыталі яшчэ аднаго сустаршыню партыі БХД Аляксея Шэіна. Пасля 19 снежня Аляксей адбыў 12 сутак арышту ў турме на Акрэсціна, а пасля вызвалення атрымаў позву на допыт.