Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Чарговы выпуск складаецца з наступных рубрык: “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня", “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасці” і “Захаваем жыццё”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05 (паўтор - серада 0:05-1:00 і субота 7:05-8:05). Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
Сёння, 8 лютага, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць “Хроніка пераследу” - агляд парушэнняў правоў чалавека, у якім прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.
На мінулым тыдні актуальнае гучанне ізноў набыла праблема са свабодай асацыяцыяў у Беларусі: няўрадавыя дэмакратычныя арганізацыі распачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам з нагоды законапраекта “Аб некамерцыйных арганізацыях”. Яго перадача на разгляд у парламент запланавана на сакавік-месяц. Эксперты мяркуюць, што новы прававы акт паўплывае на развіццё ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі. Развіццё тэмы – у рубрыцы “Падзея тыдня”.
Госць праграмы - лідэр Маладэчанскай суполкі Партыі БНФ, сябра БАЖ Ян Лагвіновіч. Ён адзін з тых, хто моцна пацярпеў пры разгоне дэманстрацыі 19 снежня – спецназавец разбіў яму галаву і зламаў руку. Нягледзячы на гэта, пасля затрымання і ўжо накладання гіпсу ў шпіталі, суд пакараў актывіста адміністратыўным арыштам на 10 сутак за ўдзел у акцыі.
Пакаранне Ян Лагвіновіч адбываў на Акрэсціна, у новым корпусе, дзе выдавалі нават бялізну, таму на ўмовы ўтрымання не скардзіцца. Аднак ён да гэтага часу мае праблемы са здароўем: рука яшчэ ў гіпсе і не вядома, наколькі правільна яна зрасцецца. З гэтай нагоды на мінулым тыдні пацярпелы партыец падаў скаргу ў пракуратуру, у якой просіць выявіць і пакараць віноўных у нанясенні шкоды ягонаму здароўю.
Між тым, колькасць збітых ўдзельнікаў мірнай паслявыбарчай дэманстрацыі не вядома. Па інфармацыі прэс-службы ГУУС увечары 19 снежня ў сталічныя медустановы быў дастаўлены 91 пацярпелы, сярод якіх 85 супрацоўнікаў МУС і жаўнераў і толькі 6 грамадзянскіх асобаў. Аднак па сведчаннях саміх удзельнікаў, дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Рэдакцыя “Нашай нівы” доўга шукала звесткі пра чалавека, які непрытомны ляжаў на Плошчы Незалежнасці ўжо пасля заканчэння разгону – гэта было зафіксавана на некаторых відэа, размешчаных у інтэрнэце. Аднак ягоны лёс высветліць так і не ўдалося.
Фактаў прыцягненя да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы падчас правядзення розных дэмакратычных акцыяў, не вядома. Ці ўдасца Яну Лагвіновічу дамагчыся справядлівасці, ці спадзяецца ён на гэта – даведаемся з інтэрв’ю з госцем праграмы.
У рубрыцы “Захаваем жыццё” – актуальная інфармацыя па праблеме смяротнага пакарання.
Музычны фон праграмы сёння стварае грузінская джаз-вакалістка Ніно Катамадзэ. Ніно з’яўляецца сябрам Асацыяцыі незалежных музыкаў і займаецца грамадскай дзейнасцю. Да пачатку прафесійнай музычнай кар’еры заснавала і кіравала няўрадавай арганізацыяй па падтрымцы сацыяльна неабароненых артыстаў ды інвалідаў. Яна ладзіць шмат дабрачынных канцэртаў. Застаецца адной з нешматлікіх незалежных і апалітычных шырока вядомых музыкаў.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.