Двум затрыманым у Мінску расіянам зменена абвінавачанне
Такое рашэнне было прынята беларускім бокам 3 лютага. У прыватнасці, у дачыненні да Арцёма Брэуса і Івана Гапонава адменена абвінавачанне па частцы 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі (арганізацыя масавых беспарадкаў). "На сённяшні дзень расіянам інкрымінуюць только злачынства, прадугледжанае часткай 2 артыкула 293 — удзел у масавых беспарадках. Дадзеным артыкулам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад 3 да 8 гадоў", — сказаў Гусеў.
Ён падкрэсліў, што "якіх-небудзь істотных доказаў віны расійскім грамадзянам пакуль не прад’яўлена". 3 лютага затрыманых азнаёмілі з матэрыяламі крымінальнай справы — фотаздымкамі, што маюцца ў следчых органаў, якія, паводле словаў Гусева, "сведчаць толькі аб месцазнаходжанні расійскіх грамадзян на плошчы Незалежнасці 19 снежня сярод іншых удзельнікаў несанкцыянаванага мітынга, не болей".
4 лютага Брэус і Гапонаў працягнуць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, паведаміў дыпламат. У дадзены час расійскі консул выехаў на сустрэчу з імі.
Як паведамлялася раней, адвакат Брэуса хадайнічаў аб змяненні меры стрымання свайму падабароннаму з утрымання пад вартай на хатні арышт, аднак атрымаў адмову.
3 лютага міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў назваў непрымальнымі арышты ў Беларусі кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, а таксама двух расійскіх грамадзян. "Беларусь — наша брацкая краіна, стратэгічны партнёр, але гэта не значыць, што мы закрыем вочы на парушэнне асноўных правоў і свабодаў", — заявіў Лаўроў.