Шэіна выклікалі ў ваенную контрразведку
Сёння, 29 студзеня, Аляксей Шэін, сустаршыня аргкамітэта БХД, быў выкліканы на размову ва ўпраўленне ваеннай контрразведкі КДБ.
Прадстаўнікоў спецслужбы цікавіла, што Аляксей ведае пра момант пачатку правакацыі каля дзвярэй Дома ўраду ў Менску 19 снежня мінулага года. Яму прапанавалі апазнаць на фота- і відэаматэрыялах удзельнікаў групы, якая, на думку прадстаўнікоў спецслужбы, была арганізаванай і з’яўлялася пачынальнікам падзей, якія кваліфікуюцца следствам як масавыя беспарадкі. Гэта прыкладна 7-9 чалавек, якія, па версіі следчых, уяўлялі сабой арганізаваную групу.
Другое пытанне, якое цікавіла прадстаўнікоў гэтай спецслужбы, – меркаванне Шэіна наконт таго, якія іншыя замежныя краіны маглі быць зацікаўленыя ў гэтай правакацыі.
“Я выказаў меркаванне, што паколькі Беларусь, дакладней, беларускія ўлады, апынуліся зараз фактычна ў стадыі халоднай вайны з Еўразвязам і ЗША, і зараз вядуцца перамовы аб продажу часткі буйных беларускіх прадпрыемстваў расійскаму капіталу, такое развіццё падзей магло быць выгадным толькі прадстаўнікам праўладных фінансавых колаў Расійскай Федэрацыі,” – сказаў Аляксей Шэін.