Наваградзкіх актывістаў пакаралі штрафам у 200 тысяч рублёў
Актывістаў БХД Уладзімера Качагура, Сяргея Воўчака і Дар’ю Бахар суд
пакараў штрафам за тое, што яны тройчы адмаўляліся зьяўляцца ў міліцыю
па позьве. За ўдзел у несанкцыянаваным пікеце суд вынес актывістам
папярэджаньне.
Першым судзілі Ўладзімера Качагура,
прычым адразу па двух пратаколах: за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце
падчас выбарчай кампаніі і за тое, што тройчы не зьяўляўся ў міліцыю
па позьве.
Уладзімер Качагур ў судзе не адмаўляў удзелу
ў пікеце, але патлумачыў суду, што ніякага правапарушэньня
ня зьдзейсьніў і таму лічыў, што яго выклікалі ў пастарунак незаконна.
Качагур:
«Мы праводзілі пікет, і да нас падышоў міліцыянт Краўчук, зрабіў нам
папярэджаньне, што парушаем закон. Гэта і ёсьць пакараньне. Мы сабралі
пікет і сышлі. Потым, празь месяц, яны складаюць пратакол і ўчастковы
Рагуля прыносіць позву, але толкам ня можа патлумачыць, дзеля чаго мне
трэба ісьці ў пастарунак. Я палічыў не патрэбным хадзіць у міліцыю
па такой позьве».
Судзьдзя, аднак, палічыла, што Ўладзімер
Качагур, не зьявіўшыся ў пастарунак, парушыў закон, і пакарала яго,
як сама заўважыла, мінімальным штрафам у памеры шасьці базавых велічынь.
А згодна зь першым пратаколам адносна ўдзелу ў несанкцыянаваным пікеце
вынесла Ўладзімеру Качагуру вуснае папярэджаньне.
Дар’я Бахар і Сяргей Воўчак атрымалі
такія ж прысуды. Сяргея Воўчака трохі зьдзівіла тое, што напачатку
міліцыянты тры разы насілі позвы, пагражалі прысудам, а ў выніку
атрымалася ўсё па мінімуме. Ён перакананы, што судзілі іх усё ж
не за пікет і не за тое, што не зьяўляліся па позьве, а за Плошчу.
Воўчак:
«Мы адзіная апазыцыя ў гэтым горадзе, і тое, што яны нас судзілі
за пікет аж празь месяц, — у гэта ня вельмі верыцца. Хутчэй гэта
выглядала як помста, а пікет — гэта была толькі зачэпка».
Дар’я Бахар катэгарычна лічыць, што і гэтыя прысуды — праява беззаконьня з боку ўладаў да яе і ейных сяброў.
Бахар:
«Гэта выглядае проста як загад па зачыстцы ўсіх актыўных людзей
у краіне. Таму што нармальны міліцыянт ня будзе чакаць месяц, каб
скласьці пратакол, калі нехта парушыў закон, а зробіць гэта адразу
на месцы правапарушэньня».