viasna on patreon

Стала вядома прозвішча чалавека. моцна зьбітага падчас сілавога разгону мірнай дэманстарцыі, ім аказаўся 65-гадовы жыхар Віцебскага раёну Ўладзімер Шадэнка

2006 2006-03-31T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 сакавіка беларускімі сьпецслужбамі была разагнаная мірная акцыя, у выніку чаго многія людзі былі зьбіты. Тым ня менш, у менскіх шпіталях адмаўляюцца прызнаць, што лекавалі пацярпелых у часе апазыцыйнай акцыі, хаця доказы таму знаходзяцца.

Так, толькі празь пяць дзён пасьля шэсьця 25 сакавіка стала вядома імя чалавека, якога моцна зьбілі амапаўцы. Гэта — 65-гадовы жыхар вёскі Дражна Віцебскага раёну Ўладзімер Шадэнка. Ён распавёў радыё Свабодзе, што выпадкова ўбачыў у інтэрнэце здымак — ён акрываўлены, ляжыць на асфальце, твар зьбялелы, без праяваў жыцьця. Прычым, прозьвішчы пацярпелага падаваліся розныя, але не Шадэнка.

Пенсіянер узгадаў падзеі таго дня: "Я ішоў адразу ў калёне. Потым дарогу перагарадзілі, калёна спынілася. Я з калёны выйшаў, збочыў, пайшоў па схіле. Хацеў паглядзець, што за мальцы такія ў спэцназе. А яны якраз пайшлі — шчыты наперад. Адзін мяне тузануў. Я ткнуў у адказ, у шчыт той. На мяне тады іншы кінуўся. А неўзабаве й па галаве атрымаў: нейкі, пэўна, падскочыў ззаду ды па галаве стукнуў. Я й апоўз на зямлю. Нікога не чапляў, а мяне зачапілі. А потым накінуліся іншыя са шчытамі, пачалі таксама лупцаваць: на руцэ сіняк здаравенны, на назе таксама. Пасьля заваліўся — і ўжо нічога не памятаю".

Атрымаўшы траўму галавы, Ўладзімер Шадэнка быў шпіталізаваны ў 4-ю мінскую клініку, дзе яму наклалі швы, прычым колькі, ён і сам ня ведае, бо пасьля таго прышылі валік з ваты, каб кроў не ішла, а наверх яшчэ закруцілі галаву бінтам. Са шпіталю яго вымусілі сысьці ўжо праз тры гадзіны, запісаўшы ў даведцы, што хворы знаходзіўся ў стане алькагольнага ап'яненьня. Якраз гэта спадара Шадэнку і абурыла, бо ў Менск ён прыехаў на ўласнай машыне, быў за рулём і гэтак жа зьбіраўся зьехаць назад. Ён мае даведкі аб сваім знаходжаньні ў 4-ай клініцы: "У мяне даведкі з 4-га шпіталю. Адна засталася на руках (выдадзена на рэнтгенаграму), другую аддаў у амбулаторыю, дзе яе ўклеілі ў картку", аднак лекары згаданага шпіталю аспрэчваюць гэты факт.

Цалкам незразумелай застаецца сітуацыя з Сяргеем Атрошчанкам. Фотаздымкі акрываўленага чалавека, які не падаваў прыкметаў жыцьця, абышлі ўвесь сьвет. Прэсавая сакратарка Аляксандра Казуліна паведаміла: паводле ейнае інфармацыі, якая цяпер правяраецца, зьбіты спэцназам 25 сакавіка Сяргей Атрошчанка нібыта памёр у 9-м клінічным шпіталі. Пацьвярджэньня гэтага факту ў самім шпіталі няма, як няма яго і ў іншых шпіталях гораду. Але чалавек зьнік, і афіцыйныя ўлады гэта не проста замоўчваюць, а хаваюць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства