Камісія тэлерадыё Літвы забараніла ўсім дзяржаўным і прыватным тэлекампаніям краіны рэтрансьляваць праграмы беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў
Рашэньне было прынятае з увагі на ранейшую рэзалюцыю літоўскага парлямэнту адносна выбараў у Беларусі, якія прызнаныя несапраўднымі. У гэтай рэзалюцыі Сойму ўлада Беларусі названая "дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі". У ёй выказваецца рэзкае асуджэньне "рэпрэсіяў супраць апазыцыі". У рашэньні Камісіі таксама адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы распаўсюджваюць дэзінфармацыю.
Старшыня Саюзу журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус, які зьяўляецца чальцом Камісіі тэлерадыё Літвы, і які таксама прымаў рашэньне забараніць трансьляцыю беларускага тэлебачаньня ў краіне, пракамэнтаваў гэта так:
"Па гэтым канале ня толькі ідзе дэзынфармацыя пра Літву, але і сам канал тэлевізіі выкарыстоўваецца як інструмэнт прапаганды рэжыму, які не зьяўляецца дэмакратычным. Да таго ж, мы выказалі сваю пазыцыю і ў дачыненьні выбараў, якія таксама у Літве ня лічацца дэмакратычнымі. Я лічу, што забарона каналаў — гэта маральная ацэнка таго, што там трансьлюецца, што дэманструецца людзям. У Літве такое непрымальна".
Дырэктар Літоўскай асацыяцыі кабэльнай тэлевізіі Юозас Юрэлёніс паведаміў, што асацыяцыя, якая аб'ядноўвае каля пяцідзесяці кампаніяў, выканае рашэньне камісіі.
Што да рэакцыі беларускіх ўладаў, то ў інтэрвію "Інтэрфаксу" міністар інфармацыі Беларусі Ўладзімер Русакевіч заявіў, што рашэньне аб забароне трансьляцыі беларускага тэлебачаньня ў Літве прынята "з-за страху атрыманьня літоўскімі грамадзянамі аб’ектыўнай інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі".
***
Дзяржаўная беларуская тэлевізія ў мінулую суботу ў сваіх рэпартажах паведаміла, што кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна, міністар замежных справаў Літвы і літоўская амбасада нібыта рыхтавалі мітынгі пратэсту ў Менску падчас прэзыдэнцкіх выбараў і кіравалі імі. Прэзыдэнт Літвы і іншыя кіраўнікі Літвы заявілі, што ня будуць палемізаваць з тэлеканаламі, якія кантралююцца дыктатарскім рэжымам.