Від на жыхарства – у абмен на лаяльнасьць да дыктатуры
У дачыненьні да жыхара Полацка Аляксандра Калінцава распачатая працэдура пазбаўленьня віду на жыхарства ў Беларусі. Пра гэта ён даведаўся 21 студзеня, калі яму патэлефанавалі з Полацкага аддзела па грамадзянству і міграцыі.
Падствай для такога рашэньня паслужыў удзел Калінцава ў пікеце салідарнасьці 19 студзеня. Актывісты выставілі насупраць мясцовага гарвыканкаму вялікі транспарант са словамі "Свабоду зьняволеным!" і партрэтамі вязьняў СІЗА КДБ. За гэта іх затрымалі міліцыянты. На другі дзень адбыўся суд і Калінцава пакаралі штрафам у 70 тысячаў рублёў.
Такім чынам улады горада палічылі, што для Беларусі гэты чалавек будзе небесяпечны і лепей пазбавіцца ад яго.
Некалькі слоў пра “persona non grata”:
Калінцаў Аляксандр Віктаравіч, беларус, які атрымаў від на жыхарства ў Беларусі ў 1995 годзе, прыехаўшы з Малдовы. Тут ён вучыўся, працаваў і працуе зараз. Тут жывуць ягоныя блізкія сваякі і сябры. Тут яго рэальная радзіма. За ўсе 16 год жыцьця ў Беларусі не меў аніякіх праблемаў з праваахоўнай сістэмай.
Дык у чым віна Калінцава? Толькі ў тым, што ён выказаў сваю нязгоду з масавымі парушэньнямі элементарных грамадзянскіх правоў у Беларусі і меў пры гэтым “нахабства” адкрыта выказаць свой пратэст. Відавочна, што такая форма помсты актывістам -- антыканстытуцыйная і супрацьзаконная.
На практыцы нярэдка здараецца, што грамадзяне, якія маюць від на жыхарства ў Беларусі, вядуць асацыяльны лад жыцьця, трапляюць пры гэтым ў поле зроку міліцыі, аднак служба грамадзянства і міграцыі імі не цікавіцца.
У выпадку з Калінцавым адзначаецца палітычная замова уладаў. І гэта лёгка падмацаваць яшчэ адным прыкладам.
4 студзеня маці змешчанага ў СІЗА КДБ расіяніна Івана Гапонава, Сабіры Акішаўне Атакішыевай, паведамілі аб тым, што супраць яе сына распачатая працэдура пазбаўленьня віду на жыхарства ў Беларусі. Інфармацыя аб гэтым паступіла з двух крыніц -- ад адваката Івана і з расійскай амбасады.
Паводле беларускіх законаў, адной з падставаў страты віду на жыхарства ў Беларусі з'яўляецца парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое выявілася ў крымінальным злачынстве альбо ў адміністрацыйным правапарушэньні. У такім выпадку візавая служба па месцы рэгістрацыі такой асобы пачынае працэс па ануляваньні права на жыхарства.