Супрацоўнікі КДБ правакавалі на скандал замежных журналістаў
Пра гэта распавяла Аксана Чэлышава, журналіст “Новай Газеты” ў Фінляндыі. “Цікавая” сустрэча з трыма супрацоўнікамі КДБ адбылася 26 студзеня каля 20.30 у кафетэрыі гасцініцы “Юбілейная”.
- Яны падышлі да нас у кафэ. Я была са сваёй сяброўкай, польскай журналісткай і грамадзянкай Беларусі Вольгай Чарных і нашым суразмоўцам. Нічога небяспечнага мы там не абмяркоўвалі. Трое мужчын сядзелі за суседнім столікам, слухаючы. Убачыўшы ў Вольгі кампутар, сівы мужчына ўстаў і падышоў да нас. Ён міла сказаў нам, што ён ведае, хто мясцовы, а хто госць. З Вольгай ён загаварыў па-польску, нягледзячы на тое, што яна - беларуска. Мне сказаў, міла ўсміхаючыся, што я - таксама тут госць. Да яго далучыўся другі, - апісвае ход “сустрэчы” Аксана Чэлышава.
Па словах журналісткі, пакуль першы "суразмоўца" працягваў быць "абаяльным", яго калега, чорнавалосы хударлявы мужчына гадоў сарака, у той жа час, практычна паралельна, зневажаў. Ён прапаноўваў заняцца з ім усім, што яму хочацца, прычым прапановы гэтыя выкладаліся ў вельмі грубай, пахабнай форме - відавочна правакаваў на скандал.
- Як потым мне патлумачылі, калі б мы сарваліся і сталі з імі сварыцца ў адказ на брудныя непрыстойнасці, была б выкліканая міліцыя і нас бы абвінавацілі ў хуліганстве, - адзначае журналістка.
Пакуль двое супрацоўнікаў КДБ актыўна “кантактавалі” з журналістамі, трэці стаяў побач з тэлефонам напагатове. Ад персанала гасцініцы Аксана Чэлышава даведалася, што самы старэйшы з “суразмоўцаў” з'яўляецца ў кафетэрыі штодня.