Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа сустрэўся з правабаронцамі “Вясны”
Сустрэча салідарнасці з кіраўніцтвам “Вясны” доўжылася больш за гадзіну і была досыць інфарматыўнай. Высокага госця цікавіла сітуацыя з правамі чалавека пасля 19 снежня.
Правабаронцы распавялі Томасу Меліа аб ціску на сваякоў вязняў КДБ, аб ціску на іх адвакатаў. У сітуацыі, што склалася вакол арыштаваных, зазначыў юрыст В.Стэфановіч, палітвязні абсалютна безабаронныя: з імі не могуць сустрэцца ні сваякі, ні адвакаты, іх стан здароўя застаецца невядомым. Фактычна вакол гэтых людзей штучна створаны ўладамі інфармацыйны вакуум з мэтай застрашвання. Была абмалявана і агульная сітуацыя ў краіне пасля 19 снежня: новыя затрыманні, ператрусы, арышты, выклікі на допыты, якія праходзяць перманентна літаральна па ўсёй краіне.
“Мы распавялі пра тую хвалю рэпрэсій, якая не спыняецца, -- кажа Валянцін Стэфановіч, -- Зараз выразна бачна, што крымінальная справа аб масавых беспарадкаў мае на мэце толькі адно: ціск на грамадства, яго запалохванне”.