Менскіх адвакатаў «трасе» Мін’юст
Міністэрства
юстыцыі праводзіць праверку кансультацый Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.
Назіральнікі не выключаюць, што праверка зьвязана з паводзінамі
адвакатаў, якія абараняюць арыштаваных у справе 19 сьнежня.
У некаторых раённых кансультацыях адвакатаў праверку называюць тэхнічнай.
Так гэта ці не? У Менскай калегіі адвакатаў прычыны праверкі
не камэнтуюць.
Назіральнікі згадваюць, што нядаўна Мін’юст наракаў на адвакатаў, якія
абараняюць фігурантаў справы пра падзеі 19 сьнежня. Маўляў, адвакаты
ня мусяць у сваіх камэнтарах раскрываць матэрыялы справы.
Адносна
менскага адваката Паўла Сапелкі міністэрства нават прапанавала прыняць захады
дысцыплінарнага характару. Аднак прэзыдыюм Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў
ня стаў выключаць Сапелку са свайго складу, а таксама
не прыняў ніякіх карных мераў супраць іншых абаронцаў. І тады
да адвакатаў прыйшлі правяраючыя зь Мін’юсту. Павал Сапелка ўсё ж
мяркуе, што адно з другім не зьвязана.
«Гэта ніяк не зьвязана з маім пытаньнем. Пакуль. Ва ўсялякім
разе мне пакуль так падаецца».
Адвакат Павал Сапелка абараняе былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя
Саньнікава. Пасьля марных спробаў сустрэцца са сваім падаабаронным
ў ізалятары КДБ Павал Сапелка напісаў некалькі скаргаў і публічна
запатрабаваў ад сьледзтва забясьпечыць яму выкананьне ягоных правоў
на абарону. Гэтага ж дамагаецца адвакат Тамара Сідарэнка,
якая з канца мінулага году ня можа трапіць на сустрэчу
са сваім падабаронным Уладзімерам Някляевым і напісала ўжо некалькі
скаргаў:
«Ніякіх пакуль
захадаў не прымаюць. Толькі вось Мін’юст не пасьпявае пісаць
на нас паперы, што мы, маўляў, ня тое кажам. А вось каб
забясьпечыць выкананьне нашых правоў…»
Адносна праверкі Мін’юсту Тамара Сідарэнка кажа: «Канечне, яны ў любы
момант маюць права правяраць адвакатаў, а з чым гэта зьвязана, нам
ня кажуць».
На мінулым тыдні Беларускі Хэльсынскі камітэт накіраваў дакумэнты
ў ААН пра ціск на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы
аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Празь нейкі час Мін’юст вынес БХК
папярэджаньне.
Былы адвакат, вядомы праваабаронца
з БХК Гары Паганяйла, мяркуе, што цяперашняя праверка
раённых кансультацый Менскай калегіі адвакатаў зьвязаная менавіта
з рэакцыяй адвакатаў на ціск з боку дзяржавы.
«Справа вось у чым. З 1 студзеня ўступіў у дзеяньне новы
нарматыў аб ліцэнзаваньні. У тым ліку і адвакацкай дзейнасьці.
І зараз орган, які дае ліцэнзію, можа і сам, бяз органа адвакацкага
самакіраваньня, гэтую ліцэнзію прыпыніць альбо нават адабраць. І хаця
гэтыя дзеяньні Мін’юсту можна абскардзіць у судзе, але пры залежнасьці
судоў ад улады, у тым ліку ад Мін’юсту, чакаць законных
рашэньняў ад судоў не даводзіцца».
Гары Паганяйла нагадаў пра адваката Міхаіла Воўчака,
на якога завялі крымінальную справу за дзеяньні, зьвязаныя
з абаронай кліента. Паводле правабаронцы, гэта яшчэ адзін відавочны
прыклад ціску дзяржавы на абаронцаў у Беларусі.