Урачыстае адкрыццё выставы салідарнасці сёння ў 20-00 на сядзібе Партыі БНФ
Амаль месяц мінуў пасля падзей 19 снежня. Хвалі салідарнасці с затрыманымі ў тую «крывавую нядзелю» і тымі, каго махавік рэпрэсій закрануў пазней, па-ранейшаму ўздымаюцца ў свядомым грамадстве. Гэтым разам неабыякавыя людзі, якіх меней не становіцца, ладзяць выставу, прысвечаную падзеям, што адбыліся пасля выбараў.
Арганізатары акцыі салідарнасці с затрыманымі ў дзень і пасля
прэзідэнцкіх выбараў прэзентуюць «Выставу салідарнасці», прысвечаную «героям — арыштаваным і пацярпелым 19 снежня 2010 года, а таксама той хвалі салідарнасці, якой Беларусь яшчэ не бачыла».
«Хочацца, каб нашыя несправядліва асуджаныя пабачылі, як гэта было», — адзначаецца ў анонсе мерапрыемства.
Як кажа арганізатар акцыі падтрымкі Дар'я Каткоўская,
урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ў штаб-кватэры БНФ (вул.
Машэрава, 8) вельмі сімвалічна — 19 снежня а восьмай гадзіне вечара, то
бок «роўна праз месяц пасля пачатку тых падзей, якія ўсіх нас згуртавалі».
Плануецца, што на імпрэзе выступяць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пісьменнік Уладзімр Арлоў, музыка Лявон Вольскі, журналіст Глеб Лабадзенка.
Зараз амаль ўсё памяшканне сядзібы БНФ занята пад выставу.
На
выставе будуць прадстаўленыя фотаздымкі на тэму Плошчы і хвалі
салідарнасці, фотасведчанні таго, як адбываўся збор рэчаў і
ахвяраванняў, падрыхтоўка перадачаў вязням, «шчырыя, эмацыйныя і, нярэдка, мастацкія»
паштоўкі, якія не дайшлі да сваіх адрасатаў праз пошту — бо іх больш,
чым арыштаваных, турэмныя творы, запісы і дзённікі затрыманых, а таксама
мастацкія вырабы і іншыя рэчы, якія маюць сімвалічны сэнс.
«Выстава прысвечана як салідарнасці, так і побыту у турмах, — кажа Дар’я Каткоўская. — Ёсць шмат рэчаў і турэмных гісторый, якія адбыліся на стыке гадоў з патрапіўшымі за краты людзьмі. Таксама шмат турэмных малюнкаў, дзённікаў, рэчаў, якія вязні змаглі ўнесці з сабой з тых месцаў, дзе яны сядзелі».
Сярод цікавых экзэмпляраў — аплатка, якую на Раство збіраўся перадаць на Акрэсціна ксёндз. Але міліцыя яе не ўзяла — «сказалі, што яна прапітана экстазі, і так ксёндз хоча перадаць наркотыкі ў пенітэнцыярную ўстанову», распавядае Каткоўская.
Астатняе будзе сюрпрызам для наведвальнікаў. Арганізатары абяцаюць, што гэта будзе вельмі цікавы і вялікі сюрпрыз. «Акрамя
часткі, прысвечанай салідарнасці і побыту вязняў, будзе яшчэ адна —
якую мы хаваем ад усіх. Гэта вельмі цікавы і вялікі экзэмпляр, які
ўразіць усіх наведвальнікаў», — паабяцала Каткоўская.
Як
шмат хто заўважае, акцыя салідарнасці і колькасць людзей, якія
адгукнуліся і дапамагаюць вязням, сапраўды ўражваюць. Дар’я Каткоўская
лічыць, што людзі проста рабілі тое, што хацелі б атрымаць, калі б самі
патрапілі ў такую ж складаную сітуацыю.
«Шмат з тых, хто адгукнуўся на наш заклік да салідарнасці, проста
самі маглі так жа патрапіць за краты. Таму яны аказвалі затрыманым тую
падтрымку, якую самі хацелі б атрымаць, — кажа яна. — Да таго ж
у людзей зараз ёсць жаданне штосьці рабіць і штосьці мяняць, але з-за
моцнага ціску і рэпрэсій відавочна, што палітычных публічных акцый
зладзіць немагчыма, бо існуе 100% верагоднасці, што да дабра яны не
давядуць. А такім чынам людзі дзеляцца сваёй энергіяй, адчуваюць сябе
патрэбнымі. І гэта сапраўды — яны робяць адну з самых патрэбных спраў.
Бо, безумоўна, палітычная справа важна, але гуманітарная — падтрымка
людзей ў бядзе — стала найпершай і найважнейшай адразу пасля 19 снежня.
Ды й нават сёння таксама — калі казаць пра вязняў «амерыканкі».
На думку пісьменніка Ўладзіміра Арлова, такая салідарнасць — своеасаблівы адказ беларускага грамадства на жорсткасць уладаў.
«Масавыя
праявы салідарнасці, на мой погляд, сведчаць пра нараджэнне
грамадзянскай супольнасці, якая не жадае жыць у дзікіх абставінах, калі
парушаюцца законы і элементарныя гуманітарныя нормы», — кажа ён. «Я
быў вельмі ўражаны тым, колькі людзей прыходзіла на сядзібу БНФ, каб
прынесці грошы і рэчы, каб падпісаць паштоўкі і перадачы «брату,
сястры», нягледзячы, што не ведалі асабіста атрымальнікаў», — дадае пісьменнік.
Арлоў заўважыў, што форма дапамогі можа быць самай рознай.
«Напрыклад,
мы, пісьменнікі, неаднаразова звярталіся ў Генпракуратуру, каб
даведацца ці жывы наш калега Ўладзімір Някляеў, патрабавалі забяспечыць
яму медыцынскую дапамогу і пусціць адваката. Магчыма, гэта і прывяло да
таго, што да яго ўпершыню быў дапушчаны адвакат, і мы ўздыхнулі з
палёгкай, калі даведаліся, што наш выдатны паэт жывы, — нагадвае Арлоў. — Традыцыйныя
калядныя літаратурныя чытанні паэтаў і перакладчыкаў таксама сёлета
былі праявай салідарнасці з тымі, хто сустракаў Каляды і Новы год за
кратамі і рабіў ялінкі з пластыкавых бутэлек. Здаецца, формай
салідарнасці можа быць і паштоўка, і ліст, і пасылка палітвязню. Не ўсе з
іх даходзяць, але калі зусім нічога не дасылаць, не будзе ні воднай. І
калі мы гаворым пра салідарнасць з тымі, хто за кратамі, мы не павінны
забываць пра салідарнасць з іх блізкімі, сем’ям — ім таксама вельмі
патрэбная падтрымка, і не толькі маральная».
Галоўнае, на думку Ўладзіміра Арлова, не быць актыўным толькі на словах: «Інтэрнэт
зараз поўніцца тысячамі праяваў салідарнасці — словамі падтрымкі,
абурэння, развагамі. Хачу памыліцца, але здаецца, што сярод
інтэрнэт-карыстальнікаў шмат тых, хто напіша некалькі рашучых словаў і
лічыць, што на гэтым яго грамадзянская місія выкананая. Але слоў мала,
за словам павінны быць справы. Няма ўніверсальных парадаў і рэцэптаў на
такі дзень, але я веру ў беларускую салідарнасць».