Тэрміновая заява Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў адносна пераследу “Вясны”
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў распаўсюдзіла тэрміновую заяву, у якой гэтая міжнародная арганізацыя звяртаецца да беларускіх уладаў, у тым ліку да Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча, Міністра юстыцыі Віктара Галаванава і Старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, з патрабаваннем аб спыненні пераследу Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Заява звязаная з нядаўнімі фактамі ператрусаў, праведзеных у офісе арганізацыі, а таксама на кватэры і лецішчы яе кіраўніка Алеся Бяляцкага.
Абсерваторыя заклікае кіраўніцтва краіны “ўстрымацца ад пераследу праваабаронцаў, а таксама гарантаваць іх правы на свабоду асацыяцыяў і выказвання”.
Абсерваторыя таксама патрабуе ад беларускіх уладаў спынення пераследу іншых праваабарончых арганізацыяў і выканання палажэнняў Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў з’яўляецца сумесным праектам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT).