Пачобута аштрафавалі
Суд Кастрычніцкага раёна Мінска (суддзя М. Лабко) аштрафаваў журналіста на 1 млн. 750 тысяч рублёў (каля 600 долараў ЗША) паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства»).
Гэта тая ж адміністратыўная справа, паводле якой Пачобута пачалі судзіць 20 снежня за ўдзел у акцыі на плошчы Незалежнасці і якая была адпраўлена на дапрацоўку.
Змякчальнай абставінай суд палічыў наяўнасць у падсуднага малых дзяцей.
Слуханні доўжыліся каля 1 гадзіны 15 хвілін.
У перапынку, які папярэднічаў абвяшчэнню рашэння, прэс-служба БАЖ пагутарыла з самім Андрэем Пачобутам.
«Суд заслухаў толькі сведак-міліцыянтаў, адмовіўшыся запрасіць сведку з майго боку, які пацвердзіў бы, што я выконваў на плошчы прафесійныя абавязкі. (Паводле судовай пастановы, сведкамі выступалі работнікі міліцыі Дударчык і Налецкі. Там гаворыцца, што менавіта яны затрымлівалі журналіста, хаця сам Пачобут кажа, што гэта не так, - заўв. БАЖ). Гэтаксама суддзя не далучыў да справы відэаматэрыялу, дзе было відаць, што я быў на плошчы з журналісцкім бэджам навідавоку. Міліцыянты ж сцвярджалі, што дакумента ў мяне не было», — расказаў журналіст.
«Тое, што да гэтай справы вярнуліся, плюс выклік у КДБ, ператрус дома — гэта вынік незадаволенасці маёй журналісцкай працай, тым, што я пішу і як, - лічыць ён. — А таксама тымі скаргамі, якія я падаў на дзеянні сілавікоў. Я лічу, што яны мелі плён, бо паводзіны супрацоўнікаў спецслужб сёння ў часе допыту былі ў межах крымінальна-працэсуальнага кодэксу — без псіхалагічнага ціску, як мінулым разам.»
Да 12.30 пра месцазнаходжанне Пачобута паступалі супярэчлівыя звесткі. Пасля ператрусу ў яго кватэры ўвечары 12 студзеня яго забралі ў КДБ, і да раніцы з ім сувязі не было. Перад пачаткам суда журналіст сам звязаўся з рэдакцыяй «НН» і распавёў, што пасля Гродзенскага КДБ яго адвезлі ў Мінск, у РУУС Кастрычніцкага раёну, дзе ён правёў гэтую ноч. «Гэта помста КДБ за маю журналісцкую дзейнасць, за тую няўдалую „гутарку“, за скаргу ў пракуратуру», — паведаміў Пачобут «Нашай Ніве». Ён схіляецца да думкі, што гэтым разам яго могуць асудзіць на суткі.
nn.by нагадвае, што журналіст польскай Gazety Wyborczej быў затрыманы на плошчы Незалежнасці і суткі правёў у аўтазаку. Яго справа разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёну. Але ў апошні момант Пачобута вызвалілі, заявіўшы, што па яго справа накіраваная на дадатковую праверку. Сам Андрэй патлумачыў, што дапамаглі актыўныя дзеянні яго рэдакцыі.
8 студзеня Пачобута прымусова даставілі ў КДБ на размову. Журналіст сцвярджае, што гутарка нагадвала допыт, і яго нават некалькі разоў ударылі па галаве. Ён падаў скаргу ў пракуратуру.
Нагадаем, што ў лістападзе 2010 г. Пачобуту адмовілі ў акрэдытацыі пры МЗС у якасці карэспандэнта Gazety Wyborczej.