Суд над Алегам Калінковым адкладзены
У судзе Ленінскага раёна Гродна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Алега Калінкова – даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.
Алег Калінкоў, паводле міліцэйскага пратакола, абвінавачваецца ў непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі пры выкананні імі службовых паўнамоцтваў.
На думку Алега Калінкова, абвінавачанні надуманыя і не адпавядаюць рэчаіснасці:
– Каля пад’езда мяне чакала машына з супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Я меў сесці ў сваю машыну, калі яны падышлі да мяне і папрасілі закурыць, не прадставіўшыся, што гэта супрацоўнікі міліцыі. Я спужаўся ды паспрабаваў вярнуцца ў пад’езд – там мяне ўжо затрымалі.
Негледзячы на тое, што паводле беларускага заканадаўства разгляд адміністрацыйнай справы адкрыты, суддзя Віталь Ляцко не дазволіў прысутнічаць на судзе прадстаўнікам незалежных СМІ.
У сувязі з тым, што ў суд не з’явіўся сведка-міліцыянт, разгляд справы перанесены на 26 студзеня.