Узяліся за БАЖ
У КДБ прыняліся за кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў. 12 студзеня там быў дапытаны намеснік старшыні арганізацыі Андрэй Бастунец.
На 13 студзеня запланаваны допыт старшыні – Жаны Літвіной. Андрэй Бастунец давёў падчас допыта сваю пазіцыю:
- Мяне выклікалі ў КДБ у якасці сведкі, праводзіўся допыт на конт падзеяў 19-20 снежня. Я, на жаль, не магу распавесці аб тым, што адбывалася падчас гэтага допыту - ён доўжыўся каля трох гадзін. Магу сказаць, што ён прайшоў у дастаткова карэктнай форме, я давёў усе тыя захады, якія прымаў БАЖ для таго, каб спыніць тыя падзеі, якія ўсё ж такі адбыліся, я маю на ўвазе, у першую чаргу, прымяненне гвалту ў дачыненні да журналістаў і затрыманне журналістаў.
Андрэй Бастунец лічыць, што сама колькасць допытаў і іншых следчых дзеянняў у адносінах да журналістаў у апошні месяц безумоўна ёсць вельмі моцным ціскам на сродкі масавай інфармацыі. Па яго словах, зараз у Беларусі самы ніжэйшы ўзровень свабоды сродкаў масавай інфармацыі за апошнія 16 гадоў.