Amnesty International заклікае Беларусь вызваліць вязняў сумлення, якія ўтрымліваюцца пад вартай за ўдзел у акцыі пратэсту ў дзень выбараў
11 студзеня 2011
Сёння Amnesty International заклікала беларускія ўлады вызваліць 16
беларускіх актывістаў і журналістаў, абвінавачаных у "арганізацыі масавых
беспарадкаў" пасля дэманстрацыі 19 снежня, і аб'явіла іх вязнямі сумлення.
Дваццаць пяць актывістаў апазіцыі і журналістаў, у тым ліку шэсць
кандыдатаў у прэзідэнты, былі затрыманыя па абвінавачванні за ўдзел у
дэманстрацыі 19 снежня ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яны павінны
паўстаць перад судом на працягу двух-трох месяцаў.
На цяперашні момант затрыманыя ня маюць адэкватнага доступу да адвакатаў
і лекараў, нягледзячы на тое, што некаторыя з іх былі сур'ёзна збітыя АМАПам у
дзень дэманстрацыі.
"Шаснаццаць з гэтых затрыманых з'яўляюцца вязнямі сумлення, якім
былі прад’яўленыя сфабрыкаваныя абвінавачванні за цалкам мірнае выказванне
сваіх палітычных поглядаў. Яны павінны быць неадкладна і безумоўна вызвалены, а
ўсе абвінавачванні павінны быць знятыя", сказаў Джон Дэлгайзін, намеснік
дырэктара Amnesty International па Еўропе й Цэнтральнай Азіі.
"Пераслед і жорсткае абыходжанне з людзьмі, якія ўдзельнічалі ў мірнай
дэманстрацыі, сведчаць аб яўнай непавазе да правоў чалавека з боку беларускіх
уладаў і заслугоўваюць самага рашучага асуджэння з боку міжнароднай
супольнасці".
Хаця вязням сумлення й прад'яўленыя абвінавачванні ў "арганізацыі
масавых беспарадкаў”, якія суправаджаліся гвалтоўнымі атакамі й узброеным
супрацівам, за што прадугледжана да 15 гадоў турэмнага зняволення,"
Міжнародная Амністыя "не выявіла ніякіх доказаў таго, што яны самі ўжывалі
гвалт або падбухторвалі да яго ўжывання перад дэманстрацыямі або падчас іх.
Удзельнікі дэманстрацыі ў Мінску былі ў асноўным мірнымі, акрамя невялікай
колькасці маладых асоб у масках, якія прадпрынялі атаку на будынак Парламента.
Адзін з відавочцаў паведаміў, што адзін з затрыманых, кандыдат у прэзідэнты
Мікалай Статкевіч, які выступаў у той час, заклікаў натоўп спыніць напад на
дзверы будынка парламента. Відэазапіс паказвае, што кандыдат у прэзідэнты
Віталь Рымашэўскі спрабаваў спыніць прычыненне шкоды будынку дадзенымі маладымі
людзьмі.
Пасля гэтага дэманстрацыя была жорстка разагнаная АМАПам.
Іншы затрыманы, кандыдат у прэзыдэнты Уладзімір Някляеў, атрымаў траўмы галавы
ў выніку збіцця супрацоўнікамі АМАПу па дарозе на дэманстрацыю. Пазней ён быў
выцягнуты асобамі ў цывільным з палаты рэанімацыі ў шпіталі, дзе ён праходзіў
лячэнне, і быў узяты пад варту. 29 снежня ён быў не ў стане размаўляць са сваім
адвакатам і выглядаў сур’ёзна хворым, аднак не быў пераведзены ў шпіталь.
Затрыманы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў быў таксама цяжка паранены
падчас нападу на дэманстрантаў 19 снежня. Магчыма, у яго зламаная нага. Адвакат
Андрэя Саннікава бачыў яго ў судзе 29 снежня, але не змог пагаварыць з ім.
Адвакатам часта адмаўляюць у доступе да затрыманых з тлумачэннем, што абодва
пакоі для сустрэч у КДБ занятыя.
Больш за 700 чалавек былі затрыманыя за ўдзел у дэманстрацыі. Большасць
з іх ужо вызваленыя пасьля адбыцьця кароткатэрміновых адміністрацыйных арыштаў,
але ключавыя палітычныя дзеячы, актывісты і журналісты ўсё яшчэ знаходзяцца пад
вартай, што падаецца скіраваным на падаўленне апазіцыйнай актыўнасці. Абвінавачванні
ўжо былі прад’яўленыя 25 асобам, і могуць быць прад’яўленыя яшчэ 13.
16 вязняў сумлення:
• Аляксей Міхалевіч, Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Рыгор Кастусёў і
Андрэй Саннікаў якія ўдзельнічалі ў выбарах у якасці кандыдатаў у прэзідэнты.
• вядомыя журналісты Наталля Радзіна (рэдактар сайта Хартыі-97), Ірына Халіп (карэспандэнт
рускай “Новой Газеты”), і Сяргей Вазняк (рэдактар газеты "Таварыш").
• Аляксандр Фядута (палітычны аглядальнік), Павел Севярынец (актывіст
апазіцыі, сябра ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага), Анатоль Лябедзька (сябар
Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі), Уладзімір Кобец (сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра
Саннікава), Зміцер Бандарэнка (каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская
Беларусь”), Аляксандр Арастовіч і Сяргей Марцалеў (сябры ініцыятыўнай групы
Мікалая Статкевіча, і Наста Палажанка (намеснік старшыні моладзевай арганізацыі
"Малады Фронт”).
Віталь Рымашэўскі, які ўдзельнічаў у выбарах у якасці кандыдата ў
прэзідэнты, быў вызвалены 1 студзеня, як і Анатоль Паўлаў і Алег Корбан, але
абвінавачванні супраць іх застаюцца ў сіле.
"Міжнародная амністыя" таксама вывучае выпадкі іншых людзей, якія
былі абвінавачаныя ў тым жа злачынстве ў сувязі з дэманстрацыяй 19 снежня, паколькі
сярод іх можа быць і болей вязняў сумлення.