Судовае пасяджэнне па справе Алеся Кіркевіча працягнецца 14 студзеня
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы, узбуджанай паводле міліцэйскага пратакола супраць намесніка старшыні "Маладога фронту" Алеся Кіркевіча.
Дэмакратычнага актывіста абвінавачваюць у здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 23.34 кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. 16 снежня падчас сустрэчы гродзенцаў з кандыдатам у прэзідэнты Міколам Статкевічам ён узняў бел-чырвона-белы сцяг. Сам Алесь Кіркевіч з абвінавачваннем не пагаджаецца:
- Пагадзіцца з ім было б тое самае, што пагадзіцца з існаваннем таго рэжыму, што цяпер пануе ў краіне і з існаваннем штучна навязанай нам сімволікі Савецкага Саюза, якія ў нас цяпер лічыцца дзяржаўнай сімволікай. Вядома, што кожны беларус не прызнае гэтую сімволіку, а прытрымліваецца дадзеных нам Богам сімвалаў: бел-чырвона-белага і Пагоні.
Судовае пасяджэнне па справе Алеся Кіркевіча працягнецца 14 студзеня.Суддзя Зінаіда Барцэвіч абвясціла перапынак, падчас якога будзе накіраваны запыт у міністэрства юстыцыі аб статусе бел-чырвона-белага сцяга, які на думку міліцыянтаў, што складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, з’яўляецца незарэгістраваным, у сувязі з чым выкарыстанне яго ў публічных месцах забаронена.