viasna on patreon

Адгалоскі выбараў: у Гомельскай вобласці не было ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі

2011 2011-01-06T12:15:41+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gomel-lukashenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яшчэ ў час правядзення агітацыйнай кампаніі, на пачатку снежня 2010 года, гомельскі правабааронца Анатоль Паплаўны «злавіў за руку» актывістаў БРСМ, якія распаўсюджвалі агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнка без выходных дадзеных. З гэтай нагоды праваабаронца даслаў скаргу ў ЦВК на парушэнне выбарчага заканадаўства, і папрасіў правесці праверку, па выніках якой вынесці папярэджанне ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі.

Дадзеную скаргу ЦВК накіравала ў Гомельскую абласную камісію, адкуль Паплаўны і атрымаў адказ. Хоць дакумент прыйшоў яшчэ ў снежні, але ён можа быць цікавым і сёння. Вось што адказала абласная камісія па выбарах прэзідэнта на скаргу праваабаронцы: «У вашай скарзе не ўказаны звесткі аб асобах, якія, па Вашаму меркаванню, распаўсюджваюць у Чыгуначным раёне Гомеля перадвыбарчую праграму кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнка. Таксама адсутнічаюць доказы таго, што маладыя людзі з'яўляюцца членамі (актывістамі) БРСМ. Такім чынам, папярэдзіць каго-небудзь, няведама каго, аб адказнасці, немагчыма». І галоўнае: «Варта таксама адзначыць, што ў Гомельскай вобласці няма ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнка». Адказ падпісаны намеснікам старшыні абласной камісіі Аляксандрам Усавым.

Аказваецца, у Гомельскай вобласці, дзе ў падтрымку дзейнічаючага кіраўніка дзяржавы, па дадзеных ЦВК, сабрана больш за 160 тысяч подпісаў, ініцыятыўнай групы яго не было? Хто ж тады подпісы збіраў і пікеты праводзіў у падтрымку Лукашэнка?

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства