Вы маеце поўнае права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх
Зараз шмат людзей выклікаюць па тэлефоне на так званыя гутаркі ў сувязі з падзеямі 19-20 снежня ў Менску, асабліва тых, хто быў на Плошчы Незалежнасці. Напрыклад, чытачцы НН патэлефанавалі і пацікавіліся, «чаму ваш мабільны тэлефон у пэўны час быў у пэўным месцы». Што рабіць у падобных выпадках? Ці патрэбны адвакат? Сітуацыю каментуе юрыст Валянцін Стэфановіч:
- Па-першае, само па сабе тэлефанаванне і запрашэнне на гутарку ні да чаго вас не абавязвае, бо толькі афіцыйная позва з'яўляецца падставай для правядзення канкрэтных следчых дзеянняў. Дакумент лічыцца аформленым належным чынам, калі ў ім пазначана наступнае: па якой справе выклікаецца чалавек, у якім статусе, куды, у які дзень і час.
Калі вы ўсё ж пайшлі на сустрэчу, атрымаўшы або не атрымаўшы належным чынам аформленую позву, варта памятаць, што згодна з арт.27 Канстытуцыі ніхто не можа быць прымушаны сведчыць супраць сябе. Іншымі словамі, вы не абавязаныя адказваць на пытанне, што вы рабілі на Плошчы. Можна проста казаць: "Я не буду адказваць на ваша пытанне, бо не абавязаны сведчыць пра сябе».
Каментуючы словы міліцыянтаў пра мабільны тэлефон, Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што гэта не з’яўляецца прамым доказам удзелу ўласніка тэлефона ў пэўных падзеях у пэўным месцы: «Чалавек мог быць у той момант на плошчы Незалежнасці ў адным з начных клубаў. Гэта яшчэ нічога не даказвае».