Маразм сістэмы: Дзмітрый Федарук за кратамі будзе 18 сутак
Моладзеваму актывісту Дзмітрыю Федаруку, арыштаванаму на 10 сутак за ўдзел у акцыі 19 снежня, за кратамі прыйдзецца правесці 18 сутак. Неверагодна, але факт: яму прыйдзецца адсядзець 8 сутак, якія ён атрымаў за ўдзел у Першамаі ў 2008 годзе!
Такіх фінтоў з ігнараваннем закона сістэма МУС даўно не выкідвала (калі не лічыць масавую снежаньскую “зачыстку” без рабору, віны і доказаў). Калі па парадку, то сітуацыя з дадатковымі суткамі Дзмітрыя Федарука выглядае наступным чынам. За ўдзел у святкаванні Першамая рашэннем суда Цэнтральнага раёну ад 12 мая 2008 года актывісту быў вынесены адміністратыўны арышт на тэрмін 10 сутак, якія ён не адбыў. 28 студзеня 2009 года Федарука адвезлі адбываць арышт у ізалятар на Акрэсціна, што стала грубым парушэннем закона, паколькі ў артыкуле 13.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях дакладна вызначаныя тэрміны выкакананньня пакарання па адміністрацыйных справах – 3 месяцы. Простая арыфметыка: ад 12 траўня да 28 студзеня прайшло больш за восем месяцаў.
Тады, 30 студзені 2009 года, пасля адбытых на Акрэсціна 2 сутак арышту Дзмітрый быў гвалтоўна накіраваны ў войска.
І вось больш як праз два з паловай гады нашы “законнікі” ўзгадалі пра неадсіжаныя ў свой час Федаруком 8 сутак. Моладзевы актывіст, які павінен быў выйсці з Акрэсціна яшчэ 29 снежня мінулага года, працягвае ўтрымлівацца пад вартай.
А што закон? Ці можна ўвогуле гаварыць пра выкананне закона дзяржаўнымі органамі ў нашай краіне? Трэба адзначыць, што яшчэ па факце першага незаконнага змяшчэння ў ізалятар у студзені 2009 года была накіравана скарга ў пракуратуру, адкуль быў атрыманы адказ, які яскрава характэрызуе сістэму законнасці ў краіне. Так, 17 сакавіка 2009 пракуратура Першамайскага раёну за подпісам пракурора А. Млявы адзначыла: “Пры указаных абставінах істотных парушэнняў заканадаўства, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, з боку супрацоўнікаў Першамайскага РУУС не выяўлена”. Але ж далей паведамляецца, што “ў сувязі з дапушчанымі парушэннямі патрабаванняў арт. 13.6 ПІКаАП РБ пракуратурай раёна накіравана інфармацыя начальніку Першамайскага РУУС для прыняцця адпаведных мер, накіраваных на недапушчэньне падобных парушэнняў у далейшай рабоце.” Такім чынам, адзін сказ супярэчыць другому: парушэнняў няма, але яны ёсць.
Падобная пазіцыя пракуратуры яшчэ раз засведчыла, што з органа нагляду за выкананнем законнасці яна пераўтварылася ў орган “крышавання” ігнаравання закона.
Канешне, зараз зноў будзе скарга ў пракуратуру, зноў апеляванне да закону, але ці варта апеляваць да таго, чаго няма ў нашай краіне?