Прэзыдэнт Польшчы заклікаў спыніць рэпрэсіі ў Беларусі
Сытуацыя ў Беларусі
стала адной з тэмаў навагодняга звароту прэзыдэнта Польшчы Браніслава Камароўскага.
"Карыстаючыся польскай свабодай, асабліва сардэчныя думкі мы накіроўваем
беларускім дэмакратам. Выказваем салідарнасьць зь імі і заклікаем да спыненьня
палітычных рэпрэсій супраць іх", – заявіў Камароўскі, прамова якога
разьмешчана на сайце прэзыдэнта краіны.
Камароўскі нагадаў, што ў другой палове 2011 году Польшча будзе старшынстваваць
у Эўразьвязе. "Польскае старшынства – гэта наш шанец на наш уклад у
паглыбленьне інтэграцыі кантынэнту, шанец прадставіць Эўропе і сьвету нашы
польскія посьпехі, – адзначыў прэзыдэнт. – Будзем пераконваць сваіх эўрапейскіх
сяброў, што свабодай і дабрабытам варта дзяліцца зь іншымі".
Па словах польскага лідэра, яго краіна будзе правадніком інтарэсаў народаў,
якія імкнуцца ў ЭЗ, ініцыятарам будаўніцтва мастоў, а ня новых сьценаў.