ПЦ “Вясна” пратэстуе супраць кампаніі тэрору ў адносінах да іншадумцаў і палітычных апанентаў
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
ЗАЯВА
2 студзеня 2011 г.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае рашучы пратэст супраць распачатай у Беларусі кампаніі тэрору ў адносінах да іншадумцаў і палітычных апанентаў дзеючай улады.
Пачынаючы з 19 снежня 2010 года, краіну захлынула хваля палітычных рэпрэсій. 29-30 снежня былі прад’яўлены афіцыйныя абвінавачанні па ч.1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і ўдзел у масавых беспрадках) 22 падазраваным, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, у тым ліку пяці кандыдатам у прэзідэнты: Андрэю Саннікаву, Мікалаю Статкевічу, Аляксею Міхалевічу, Уладзіміру Някляеву і Віталю Рымашэўскаму. Акрамя кандыдатаў у прэзідэнты, абвінавачанні прад’яўлены кіраўнікам іх перадвыбарчых штабоў, журналістам, іншы вядомым дзеячам апазіцыі. Адносна ўсіх іх абрана мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на два месяцы.
Яшчэ як мінімум 9 чалавек знаходзяцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, у тым ліку два кандыдаты ў прэзідэнты – Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус, а таксама двое грамадзян Расійскай Федэрацыі.
Дагэтуль у ізалятары часовага ўтрымання г. Мінска знаходзяцца старшыня моладзевай арганізацыі “Малады Фронт” Зміцер Дашкевіч і актывіст гэтай арганізацыі Эдуард Лобаў па падазрэнні ў здзяйсненні злоснага хуліганства.
Больш за 200 чалавек працягваюць утрымлівацца ў месцах пазбаўлення волі ў якасці адміністратыўна арыштаваных за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску 19 снежня і наступных акцыях салідарнасці з палітзняволенымі. Усяго арыштам і штрафам на працягу апошніх дзесяці дзён падвергнуты больш за 700 чалавек.
Асаблівую занепакоенасць Праваабарончага цэнтра “Вясна” выклікае інфармацыя аб выкарыстанні катаванняў у адносінах затрыманых, неаказанні своечасовай медыцынскай дапамогі, ужыванні метадаў псіхалагічнага ціску.
З 20 снежня пачаліся масавыя вобыскі і допыты актывістаў апазіцыйных палітычных партый, грамадкіх арганізацый, незалежных СМІ. Сотні актывістаў апазіцыі, прадстаўнікоў незалежнай грамадзянскай супольнаці, журналісты падвяргаюцца пагрозам і запалохванню з боку органаў КДБ і МУС.
Падвергліся вобыскам памяшканні правааабрончых арганізацый і праваабаронцаў як у Мінску, так і ў рэгіёнах краіны. Дзейнасць праваабаронцаў спрабуюць дыскрэдытаваць у вачах грамадства.
Пад ціск уладаў патрапілі і адвакаты, якія абараняюць абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае рашучы пратэст з нагоды развязвання ўладамі Беларусі масавых палітычных рэпрэсій у краіне і заяўляе:
-- Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не з’яўляліся свабоднымі і дэмакратычнымі. Вынікі выбараў, абвешчаныя ЦВК, ніякім чынам не адлюстроўваюць рэальнага волевыяўлення грамадзян Беларусі.
-- Акцыя пратэсту па выніках недэмакратычных і несвабодных выбараў насіла мірны характар. Грамадзяне, якія сабраліся ў цэнтры Мінска, мелі мірныя мэты і імкнуліся мірным шляхам выказаць сваё меркаванне і пратэст.
-- Інцыдэнт з біццём шыбаў у будынку Дома ўраду не быў прадухілены органамі аховы правапарадку. Дэманстратыўнае бяздзеянне органаў МУС, якія ў вялікай колькасці былі сканцэнтраваны на плошчы Незалежнасці, указвае на арганізаваную ўладамі правакацыю.
-- Дзеянні органаў міліцыі пры разгоне дэманстрацыі насілі відавочна непрапарцыйны характар. Ужыванне фізічнай сілы і спецсродаў прывяло да вялікай колькасці параненых удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту.
-- Напад прадстаўнікоў спецслужбаў у цывільным на кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і ягоных прыхільнікаў меў відавочна правакацыйны, пазапраўны характар.
-- Збіццё і арышт фактычна ўсіх кандытаў у прэзідэнты, якія апаніравалі А. Лукашэнку на выбарах, з’яўляецца нічым іншым, як палітычнай расправай.
-- Узбуджэнне КДБ крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) выкарыстоўваецца выключна для працяглай ізаляцыі лідэраў апазіцыйнага дэмакратычнага руху, а таксама ў мэтах ціску і запалохвання ўсёй незалежнай грамадзянскай супольнасці краіны, незалежных журналістаў і СМІ, а таксама ўсіх іншадумцаў у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных і спынення рэпрэсій у дачыненні да апазіцыйных лідэраў і актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае салідарнасць з усімі арыштаванымі за свае погляды, членамі іх сем’яў і заклікае прадстаўнікоў беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці да салідарызацыі з усімі рэпрэсаванымі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае ўрады краін Еўрапейскага Саюза, ЗША, міжнародныя арганізацыі асудзіць рэпрэсіі і масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і прадпрыняць усе магчымыя захады для іх неадкладнага спынення.