Адказ ЦВК праваабаронцу – прадказальны
Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў з Цэнтрвыбаркаму адказ на сваю скаргу за подпісам старшыні камісіі Лідзіі Ярмошынай. “Фактаў парушэння выбарчага заканадаўства пры правядзенні датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 28 г.Баранавічы не выяўлена”, - рэзюмуецца ў лісце на адрас праваабаронцы.
Улічваючы прэтэнзіі да працы ўчастковай выбарчай камісіі, выкладзеныя ў скарзе праваабаронцы, ЦВК звяртае ўвагу на тое, “што колькасць выбаршчыкаў , атрымаўшых бюлетэні падчас датэрміновага галасавання. Вызначаецца не візуальна, а па спісу выбаршчыкаў, паколькі пры атрыманні бюлетэняў кожны выбаршчык ставіў свій подпіс у адпаведнай графе спісу”.
Акрамя таго, ЦВК прыводзіць словы старшыні УВК пра тое, што ўказаныя ў скарзе назіральніцы “не знаходзіліся стала ўвесь час датэрміновага галасавання ў памяшканні ўчастковай камісіі”. Толькі паўстае пытанне: чаму ж тады ўпэўнены ў сваёй праваце старшыня УВК №28 Андрэй Капіца адмовіўся зарэгістраваць акт назіральнікаў аб парушэннях у кнізе рэгістрацыі і не разгледзеў яго ў камісіі пасля заканчэння выбараў? І больш за тое - на напамін назіральнікаў разгледзець акт – пагражаў выгнаннем з участка!
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”