БАЖ звярнуўся да міністра юстыцыі, міністра ўнутраных спраў і генеральнага пракурора
«Супрацоўнікі праваахоўных органаў з прымяненнем гвалту перашкаджалі беларускім і замежным журналістам пры ажыццяўленні імі прафесійнай дзейнасці», — гаворыцца ў звароце, які арганізацыя накіравала 24 снежня. БАЖ пакрэслівае, што тым самым былі парушаныя правы журналістаў, прадугледжаныя арт. 34 закона «Аб СМІ» — у прыватнасці, права прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска значных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю.
«На жаль, падзеі 19-20 снежня паказалі, што супрацоўнікі міліцыі не звярталі ўвагі на прафесійны статус журналістаў», — падкрэслівае БАЖ і пералічвае некаторыя імёны афіцыйна акрэдытаваных журналістаў замежных СМІ і беларускіх медыяў, што пацярпелі фізічна ці былі затрыманыя ў часе асвятлення вулічнай акцыі.
«Шматлікія парушэнні закону мелі месца і ў дачыненні да затрыманых журналістаў, а таксама пры правядзенні судовых разглядаў іх спраў», — гаворыцца ў пасланні. У прыватнасці, затрыманым не тлумачыліся іх правы, пра іх месцазнаходжанне не паведамлялася ні іх сваякам, ні на працу, немагчыма было даведацца, у якім судзе адбываюцца разгляды спраў аб адміністратыўных правапарушэннях і дзе асуджаныя адбываюць тэрмін адміністратыўнага арышту.
«Звяртаемся да Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з заклікам зрабіць у рамках сваёй кампетэнцыі ўсе магчымыя захады для аднаўлення законнасці, высветліць вінаватых ў яе парушэнні і прыцягнуць іх да адказнасці», — гаворыцца ў лісце.