Ф.Вячора: Людзей працягваюць выкрадаць са шпіталёў
Удзельнікаў падзеяў на Кастрычніцкай плошчы выкрадаюць проста са шпіталёў, дзе яны апынуліся пасля збіцця амапаўцамі і міліцыянтамі.Чарговае выкраданне адбылося літаральна сёння, паведаміў грамадскі актывіст Франак Вячорка.
- Святлана Носава трапіла ў самі эпіцэнтр збіцця дэманстрантаў, яна была разам з маёй маці, маці яе прыкрывала, яны былі каля помніку Леніну і па Свеце прайшоўся атрад спецназу. Маёй маці ўдалося яе адцягнуць. На ўсіх здымках дзяўчына ў "хуткай дапамозе" - гэта Света Носава. У яе чэрапна-мазгавая траўма і моцныя пабоі. Яе паклалі ў вайсковы шпіталь. Там яна знаходзілася да сённяшняга дня, да 11-й гадзіны. Сёння ёй раптоўна прыносяць ліст аб выпісцы. Праз 20 хвілінаў з ёй прапала сувязь. Света мне паспела паведаміць, што гэтак жа ўчора выпісалі яе суседа.
Як адзначае Франак Вячорка, дзяўчыну хучэй за ўсё павезлі ў Савецкі РАУС, адкуль адправяць у суд, а затым і на Акрэсціна. Яе выкралі нягледзячы на тое, што дзяўчына яшчэ не загаіла ўсіх ранаў, якія атрымала 19 снежня. Як адзначае Франак Вячорка, “на Акрэсціна сядзяць людзі і з паламанымі пальцамі, і рукамі, а ўлада азвярэла, будуючы 37-ы год”.
Франак Вячорка разам з іншымі грамадскімі актывістамі зараз складае чорны спіс тых, хто замешаны ў падзеях на Кастрычніцкай плошчы і збіванні людзей, каб затым перадаць яго ў Еўрасаюз з прапановай увядзення супраць такіх людзей адмысловых санкцый.