viasna on patreon

З 1-га верасьня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны абвяшчае "месячнік беларускай мовы". Стартаваўшы ў "Дзень беларускай пісьменнасьці", ТБМ заклікае ўсіх беларусаў хаця б на месяц увесьці тытульную мову дзяржавы ў штодзённы ўжытак. (RR)

2002 2002-08-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле старшыні Таварыства А. Трусава, у краіне цяпер пачынаецца новая хваля нацыянальнага адраджэньня, хаця й "па-лукашэнкаўску". І гэтую сытуацыю трэба скарыстоўваць напоўніцу, а ня кпіць зь яе - упэўнены кіраўнік ТБМ.
"…Павітайся па-беларуску, скажы калегу ці суседу ранкам "Дабрыдзень", увечары па-беларуску разьвітайся, скажы "Дабранач". Прачытай свайму дзіцяці ў роднай мове добры вершык. Напішы знаёмаму паштоўку па-беларуску. Ці пры аплаце камунальных рахункаў запоўні па-беларуску квіток. Падзякуй чалавеку ў роднай мове… Будзь сам сабой. Будзь першым"…
Найбліжэйшымі днямі ўсе гэтыя немудрагелістыя, але вельмі практычныя прапановы нашыя суайчыньнікі змогуць прачытаць ня толькі ў цэнтральных газэтах (дзяржаўных, у тым ліку), але й у сталічным мэтро. Прычым, абвестка ў мэтрапалітэне - з "нацыянальна сьвядомай" ТБМ-аўскай сымболікай, у дыхтоўным каляровым выкананьні - ня мусіць зьнешне нічым саступаць камэрцыйным рэклямным аб'явам. Адным словам - акцыя пройдзе без усялякае "партызаншчыны" й яўных прыкметаў недахопу фінансаў, як тое часта здараецца з рознымі нацыянальнымі справамі.
Як распавёў Рацыі старшыня ТБМ Алег Трусаў, ідэю зладзіць "месячнік беларускай мовы" прапанаваў нейкі прадпрымальнік. Менавіта ён узяў на сябе ўсе выдаткі на правядзеньне акцыі, не шкадуючы грошай.
Акцыя такога маштабу праходзіць у Беларусі ўпершыню, хаця ідэя, што называецца, ляжала на паверхні. Яе, дарэчы, выкарыстоўвалі: да прыкладу, газэта "Наша ніва" у свой час абвяшчала "Дзень беларускай мовы". Але А.Трусаў адзначае, што ТБМ паставіла за мэту давесьці сваю ініцыятыву да значна большае колькасьці беларусаў, чым проста чытачы аднаго выданьня. Наколькі выніковай будзе акцыя - ТМБ-аўцы таксама спадзяюцца высьветліць: на абвестках будуць указаныя зваротныя каардынаты Таварыства.
А.Т.: - Мы завядзём спэцыяльны журнал, і будзем запісваць, хто адгукнуўся…
RR: - Ну, але ж шмат хто ня будзе выходзіць з вамі на сувязь…
А.Т.: - Вось мы й праверым, колькі чалавек нам пазвоніць, колькі адгукнецца, і памножым на 10… Бо ў нас толькі 1 з 10-і дойдзе да тэлефоннай будкі... Ды нават калі ён папросту прачытае - можа, у душы ягонай нешта схамянецца. Можа, кніжку нейкую беларускую купіць ці газэту падпіша…
У ТБМ упэўненыя, што бальшыня беларусаў валодае нацыянальнай мовай, але баіцца на ёй размаўляць. Апошні перапіс насельніцтва паказаў, што 80 адсоткаў беларусаў лічаць беларускую мову роднай. Са зьвестак А.Трусава, улады таксама не пакінулі гэтую лічбу па-за ўвагаю: яшчэ год таму ўтворана спэцыяльная група, якая распрацавала адмысловы "плян беларусізацыі". Гаворыць А. Трусаў.
А.Т.: - Яны цудоўна ведалі, што раней ці пазьней Пуцін іх "пашле". Ну, пакуль не пасылае - нафту крадуць, то й добра… Так што яны таксама да гэтага рыхтаваліся. Ты ж паглядзі, што па тэлебачаньні робіцца, па радыё… Яўна, гэты плян "беларусізацыі па-лукашэнкаўску" пачаў дзейнічаць…
На думку нашага суразмоўцы, крытыкаваць сёньня ўлады за тое, што яны "павярнуліся на 180 градусаў" і раптам ператварыліся ў змагароў за нацыянальныя каштоўнасьці, - вельмі неканструктыўная пазыцыя. Трэба выкарыстоўваць момант і пастарацца хаця б некаторыя станоўчыя тэндэнцыі зрабіць незваротнымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства