viasna on patreon

Дзесяткі еўрапейскіх арганізацый асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі

2010 2010-12-22T22:41:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrhn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Спадар Прэзідэнт,

Мы, арганізацыі-партнёры Сеткі Дамоў правоў чалавека, асуджаем разгон дэманстрантаў, арышты і збіццё журналістаў, праваабаронцаў і апазіцыйных кандыдатаў, якія мелі месца пасля прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь 19 снежня 2010 года. Мы таксама выказваем занепакоенасць у сувязі з магчымымі гвалтоўнымі дзеяннямі АМАПа ў дачыненні да мірных акцый пратэсту, якія могуць працягнуцца ў бліжэйшыя дні.

У нядзелю, 19 снежня, тысячы грамадзян Беларусі сабраліся ў Мінску на плошчы Незалежнасці, каб выказаць свой пратэст супраць парушэнняў падчас выбараў. Высілкамі ўладаў дэманстрацыя была жорстка разагнаная з непрапарцыйным ужываннем сілы супраць дэманстрантаў, апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты і журналістаў, якія выконвалі свой прафесійны абавязак. Гвалтоўны разгон мірнай дэманстрацыі з'яўляецца прамым парушэннем правоў чалавека - такіх як права на свабоду сходаў і свабоду выказвання, замацаваных у артыкулах 21 і 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь.

Сотні людзей, у тым ліку, кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі,  Андрэй Саннікаў былі збітыя. Па афіцыйных дадзеных, арыштавана больш за 600 чалавек. Сямёра з дзесяці кандыдатаў былі затрыманыя, а восьмы кандыдат, Уладзімір Някляеў, выкрадзены з лякарні людзьмі ў цывільным. У дачыненні да дэманстрантаў пачаліся закрытыя адміністратыўныя судовыя разборы, заведзеныя крымінальныя справы на кандыдатаў у прэзідэнты і членаў іх афіцыйных штабоў. Дзесяткі людзей ужо асуджаныя на 10-15 сутак пазбаўлення волі. Нас таксама турбуе лёс кіраўніка Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака, які быў арыштаваны і з тых часоў аб яго месцазнаходжанні нічога невядома (заўв.: Пасля прыняцця заявы, увечары 20 снежня, стала вядома, што А. Гулак вызвалены).

Каля 3 гадзін ночы 20 снежня служачыя структур Міністэрства ўнутраных спраў і невядомыя асобы (як мяркуецца, супрацоўнікі КДБ) зрабілі ператрус у офісах Хартыі’97 і Праваабарончага цэнтра "Вясна". Дзесяць чалавек, якія на той момант знаходзіліся ў офісе, былі арыштаваныя, а дакументацыя і абсталяванне - канфіскаваныя. Каля 7 гадзін раніцы некалькі чалавек у цывільным спрабавалі ўварвацца ў офісы вышэйзгаданых арганізацый. Праваабарончы цэнтр "Вясна", які з'яўляецца членам Сеткі Дамоў правоў чалавека, удзельнічаў у правядзенні незалежнага назірання за выбарамі, мэтай якога было забеспячэнне права грамадзян Беларусі "галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах", замацаванага Артыкулам 25 (б) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Ператрусы, праведзеныя супрацоўнікамі міліцыі ў офісах Хартыі’97 і Праваабарончага цэнтра "Вясна" кажуць аб тым, што ў Беларусі праваабаронцы і журналісты падвяргаюцца сістэматычнаму ціску і пераследу, нягледзячы на абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па захаванні і абароне правоў чалавека, а таксама на абяцанні прытрымлівацца патрабаванняў Еўрасаюза. Дзеянні, накіраваныя супраць Праваабарончага цэнтра "Вясна", з'яўляюцца прамым парушэннем права праваабаронцаў "імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях", замацаванага ў Дэкларацыі ААН аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Дэкларацыя ААН аб праваабаронцах).

У сувязі з гэтым заклікаем вас:

• Неадкладна вызваліць журналістаў і праваабаронцаў і спыніць пераслед асобаў, затрыманых за мірнае выказванне свайго меркавання;
• Неадкладна вызваліць кандыдатаў у прэзідэнты і дэманстрантаў;
• Спыніць ужыванне гвалту супраць дэманстрантаў, правесці бесстаронняе расследаванне інцыдэнтаў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці;
• Гарантаваць абарону мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў ад адміністратыўных абвінавачванняў альбо незаконных затрыманняў;
• Забяспечыць захаванне справядлівасці і міжнародных стандартаў падчас правядзення крымінальных судовых працэсаў;
• Даць грамадзянам Беларусі магчымасць без пагрозы для сябе карыстацца грамадзянскімі і палітычнымі правамі, гарантаванымі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі, у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісаным Беларуссю;
• Засцерагчы праваабаронцаў, каб яны маглі працаваць, не сутыкаючыся з пагрозамі і пераследам, як гарантуе Дэкларацыя ААН аб праваабаронцах".

Сетка Дамоў правоў чалавека (www.humanrightshouse.org)
Сетка Дамоў правоў чалавека - форум супрацоўніцтва паміж Дамамі правоў чалавека, ужо створанымі альбо ствараемымі, якія аб'ядноўваюць 70 грамадскіх арганізацый у Заходне-Балканскім, Усходнееўрапейскім і Паўднёва-Каўказскім рэгіёнах, Усходняй Афрыцы і Заходняй Еўропе. Мэта СДПЧ - абараняць, умацоўваць і падтрымліваць праваабаронцаў і іх арганізацыі. Сакратарыятам Сеткі з'яўляецца Фонд ДПЧ ў Осла.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства