У Асамблеі няўрадавых арганізацыяў шукаюць зброю
Паводле інфармацыі Радыё Свабода з раніцы 19 сакавіка міліцыянты спрабавалі пранікнуць у кватэру, найманую Асамблеяй няўрадавых арганізацыяў. Супрацоўнікі МУС патлумачылі: да іх паступіла апэратыўная інфармацыя, што нібыта ў кватэры знаходзяцца тэрарысты, зброя альбо выбуховыя рэчывы.
Афіцыйнай пастановы для правядзеньня ператрусу міліцыянты ня мелі. Найміт кватэры актывіст выбарчага штабу А.Мілінкевіча Юры Чавусаў адмовіўся адчыніць дзьверы. Толькі пасьля таго, як да дому прыехалі журналісты й назіральнікі АБСЭ, а таксама праваабаронцы, міліцыянты пагадзіліся, каб кватэру агледзелі гаспадар, Юры Чавусаў і сьведка-сусед.
Празь нейкі час усе памянёныя спадары выйшлі з кватэры й пацьвердзілі, што ніякіх тэрарыстаў альбо зброі там няма.
Юры Чавусаў лічыць гэтае здарэньне акцыяй запалохваньня.