У.Някляеў знаходзіцца ў следчым ізалятары - А.Лукашэнка
Былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў знаходзіцца ў следчым
ізалятары. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў айчынных і замежных СМІ, перадае
карэспандэнт БЕЛТА.
"Экс-кандыдат у прэзідэнты знаходзіцца ў следчым ізалятары, - сказаў
Аляксандр Лукашэнка. - Вы думаеце, што мы "яго скралі і кудысьці
звезлі"? Не". "Вінаваты - адказвай", - дадаў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер у следчым ізалятары знаходзіцца
639 чалавек, якія затрыманы ў сувязі з правядзеннем несанкцыянаванай
акцыі. "Таму не трэба гаварыць пра Някляева. Вы лепш у мяне спытайце пра
тых, каго яны туды завялі і справакавалі", - падкрэсліў кіраўнік
дзяржавы.
Ён адзначыў, што абсалютная большасць удзельнікаў акцыі былі не
старэйшыя за 20 гадоў. "У асноўным там жа хлапчукі. Навошта вы іх туды
павялі? Таму вы лепш пра іх спытайце. Але я вам на пытанне адказаў:
"спадар" Някляеў знаходзіцца ў следчым ізалятары", - рэзюмаваў Аляксандр
Лукашэнка.