МФЖ асудзіла «шакуючы» гвалт супраць журналістаў у Беларусі
Міжнародная федэрацыя журналістаў сёння выступіла з заявай, у якой абвінаваціла беларускія ўлады ў «гвалтоўным запужванні і запалохванні» журналістаў, якія асвятлялі мірную акцыю пратэсту ў Мінску 19 снежня.
Паводле міжнароднай журналісцкай арганізацыі, гэты факт «брутальна засведчыў, наколькі краіна нетрывала стаіць на шляху дэмакратыі пасля прэзідэнцкіх выбараў».
«Відавочны гвалт і абуральная непавага да права журналістаў асвятляць грамадскую акцыю папросту шакуюць, – заявіў Эйдан Уайт, генеральны сакратар МФЖ. – Карцінка з Мінску ўмацоўвае імідж нецярпімай і рэпрэсіўнай улады і паказвае, наколькі далёкай ёсць Беларусь ад дэмакратыі».
Міжнародная федэрацыя журналістаў узгадвае ў сваім дакуменце заяву, якую прыняла сёння ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», арганізацыя-сябра МФЖ.
Паводле ўплывовай сусветнай арганізацыі, рэпрэсіі супраць медыяў і палітычнай апазіцыі сталіся сігналам таго, што «кіраўніцтва краіны мае намер працягваць сваю рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да свабоды прэсы і нязгодных, такім чынам падвышаючы напружанасць у краіне».
«Беларусь ніколі не дасягне статусу дэмакратычнай краіны, пакуль яна сістэматычна здзяйсняе гвалт у дачыненні да незалежных медыяў і свабодных журналістаў. Без свабоды прэсы дэмакратыя немагчымая», – дадаў Эйдан Уайт.