У кватэры Андрэя Саннікава прайшоў ператрус, а Ірына Халіп "знайшлася" ў ізалятары КДБ
У кватэры кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп быў праведзены ператрус, падчас якога там знаходзіліся знаходзіліся бацькі Ірыны. Кінадраматург Уладзімір Халіп са сваёй жонкай зараз даглядаюць трохгадовага ўнука, бо той застаўся без бацькоўскай апекі.
Андрэй Саннікаў, паводле словаў Халіпа, знаходзіцца ў "амерыканцы", унутранай турме КДБ.
Доўгі час месцазнаходжанне Ірыны Халіп было невядомым. Уладзімір Халіп абтэлефанаваў усе ўпраўленні ўнутраных справаў сталіцы і суды гораду, але нічога не мог даведацца.
Амаль праз суткі з моманту затрымання стала вядома ад следчага КДБ Міронава, што Ірына змешчана ў СІЗА КДБ на трое сутак. “Пры гэтым следчы адмовіўся паведамляць нейкія падрабязнасці да той пары, пакуль інтарэсы затрыманай не будзе прадстаўляць адвакат”, — распавёў БелаПАН Уладзімір Халіп.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі і адзін з лідэраў аргкамітэта БХД Павел Севярынец таксама знаходзяцца ў ізалятары КДБ. Ім далі магчымасць патэлефанаваць бацькам. Як паведамляе "Наша ніва", заўтра раніцай павінны пачацца следчыя дзеянні.