18 сакавіка ў Шклове супрацоўнікі КДБ спрабавалі ўзяць у актывіста падпіску аб нявыезьдзе
Пра гата паведаміла Радыё Свабода. Да шклоўскага грамадзкага дзеяча, выдаўца недзяржаўнай пэрыёдыкі Аляксандра Шчарбака раніцаю 18 сакавіка наведаліся супрацоўнікі КДБ. Як паведаміў у тэлефоннай размове сам Аляксандар Шчарбак, супрацоўнікі КДБ на чале з падпалкоўнікам Анатолем Сафронавым увайшлі ў яго кватэру без дазволу й заставаліся ў ёй дзьве з паловай гадзіны. Цягам гэтага часу ў яго выпытвалі, куды ён зьбіраецца 19 сакавіка, намаўляючы даць пісьмовае тлумачэньне на гэты конт. А потым спрабавалі ўручыць падпіску аб нявыезьдзе. Аляксандар Шчарбак, улучыўшы зручны момант, высьлізнуў з кватэры й пабег да людзей, лямантуючы "Рабуюць!". Пасьля гэтага супрацоўнікі КДБ сышлі. Тым часам грамадзкія праваабаронцы Магілёву дамагаюцца абскардзіць рашэньне Ленінскага суду, які пакараў 15-суткавым арыштам Уладзімера Шанцава. Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, на вынесены 7 сакавіка прысуд адпраўлены скаргі на імя старшыні абласнога суду й пракурора Магілёўскай вобласьці.