Назіральніка аштрафавалі на 155 тысяч за фатаграфаваньне
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. Гарадоцкі раённы суд прызнаў, што Леанід Гаравы, сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча і журналіст недзяржаўнай газэты "Віцебскі кур'ер", перашкаджаў працы выбарчай камісіі на Баграмянаўскім выбарчым участку. Разгледзеўшы скаргу старшыні камісіі, спадарыні Палянічкі, судздзя Уладзімер Гладкоў наклаў на апазыцыянэра штраф памерам 5 базавых велічыняў.
Старшыня камісіі Баграмянаўскага выбарчага частку скардзілася на тое, што назіральнік Гаравы фіксаваў парушэньні на ўчастку з дапамогаю тэхнічных сродкаў і фотаапарата. Такім чынам яму ўдалося засьведчыць, як студэнтаў мясцовага каледжу прывёў на ўчастак выкладчык, як у кабіну для галасаваньня людзі заходзілі ўдвох, і як некалькі бюлетэняў выдавалі па адным пашпарце.
Леанід Гаравы ніякага правапарушэньня ў гэтых дзеяньнях ня бачыць, пра што й заявіў у судзе.
Судзьдзя таксама пагадзіўся, што гэта ня ёсьць парушэньнем, але прызнаў спадара Гаравога вінаватым за тое, што ён падыходзіў да стала рэгістрацыі ў той час, калі там не было сябраў камісіі. Такім чынам, назіральнік нібыта замінаў выбарчаму працэсу.