viasna on patreon

Мінск: Прадстаўніка Партыі БНФ выключылі з участковай камісіі

2010 2010-12-18T17:42:20+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zodzina-uchastak-luka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 снежня, за 2 дні да асноўнага дня галасавання, з участковай камісіі N 4 у Ленінскім раёне Мінска быў выключаны прадстаўнік Партыі БНФ Юрый Шпак-Рыжкаў.  Па словах назіральніка Валянціны Свяцкай, яго прыбралі са складу камісіі “за тое, што спрабаваў працаваць у рамках Выбарчага кодэкса”. Пры гэмым рашэнне выканкама аб выключэнні было матывавана нібыта парушэннем заканадаўства самім Ю.Шпак-Рыжкавым. Але юрыст, сябра Мінскай гарадской выбарчай камісіі Галіна Сямдзянава адзначае неканкрэтнасць і расплывістасць абвінавачання. “Артыкул 36 Выбарчага кодэксу, у парушэнні якога яго абвінавацілі, мае некалькі частак, і ўсе яны розныя. Што менавіта парушыў спадар Юрый, мы, шчыра кажучы, так і не зразумелі”, -- прызналася Галіна Георгіеўна.

Прапануем расповяд пра паседжанне камісіі самімі яго ўдзельнікамі.

Юрый Шпак-Рыжкаў:

“На паседжанне Ленінскага райвыканкаму, на якім мусілі мяне выключыць, прыйшлі незалежны назіральнік за выбарамі Валянціна Свяцкая, сябра Мінскай гарадской камісіі Галіна Сямдзянава, прадстаўнік Партыі БНФ, якая мяне вылучыла, Вадзім Канапацкі, а таксама міжнародныя назіральнікі. Прэсы ніякай не было. Былі старшыня нашай участковай камісіі спадарыня Вяроўка, старшыня раённай камісіі, загадчык аддзелам арганізацыйна-кадравай працы райвыканкама П.В.Піскуноў.  Менавіта ён і ўручыў мне даведку аб тым, што я выключаны з камісіі, што “рашэннем Ленінскага  райвыканкама N 1389” спынены мае паўнамоцтвы як сябра ўчастковай камісіі N 4 Ленінскага раёна Мінска “у сувязі з парушэннем артыкулу 36 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь”.

На паседжанні спачатку зачыталі заяву Наталлі Міхайлаўны Вяроўкі. Яна была поўная гучных словаў кшталту “правакацыя”, “міжнародны скандал”, “пастаянна размаўляў з назіральнікамі”… Потым старшыня камісіі выступіла. Яе выступ гучаў зусім па-іншаму ў параўнанні з заявай. Калі не зважаць на дробязі, то яна казала прыктычна ўсю праўду. Галіна Сямдзянава таксама звянула ўвагу, што выступ супрацьлеглы пісьмовай заяве старшыні. Відаць, яна напісала тое, што ёй сказалі.  Акрамя таго, зачыталі іншую заяву – ранкам прыйшоў грамадзянін і прапанаваў добра прыбіць накрыўкі ў скрынях ці заклеіць у іх шчыліны скотчам, бо застаецца магчымасць падкідаць туды няўлічаных бюлетэні. Я нагадаў, што знайшоў на нашым участку таксама 50 няўлічаных бюлетэняў. Я прасіў старшыню камісіі адвезці іх у выканкам і паказаць гэтыя бюлетэні назіральнікам, каб яны ўпэўніліся, што ўсё адбылося законна. А потым аказалася, што на вываз тых 50 бюлетэняў няма ніякага акту. Ні ў адным са сшыткаў камісіі не пазначана, што яны вывезены. Як гэта можна – без усялякага дакументавання ўзяць і вывезці з участка для галасавання 50 бюлетэняў? Не магу гэтага зразумець… Тут жа павінен фіксавацца нават кожны званок! Старшыня, атрымліваецца, абдурыла мяне і лішнія бюлетэні нават нідзе не зарэгістравала. А я ж шчыра хацеў зрабіць так, каб выбары былі чэснымі і празрыстымі.

Мяркую, адміністрацыя раёна імкнулася не пакінуць мяне ў камісіі да апошняга дня галасавання, каб я не мог браць удзелу ў падліку галасоў. Калі пачалося галасаванне, усе як адзін паднялі руку. Мяне выключылі адзінагалосна.

Не разумею, чаму мяне абвінавацілі ў тым, што шмат размаўляў на ўчастку з людзьмі. Я хацеў проста дапамагчы людзям зарыентавацца, бо ў нас побач адзін з адным на невялікай прасторы месцяцца аж тры ўчасткі для галасавання. Людзі стаяць, губляюцца, чакаюць, дык я і кажу: “Добры дзень! Праходзьце, калі ласка! Вось тут можаце прысесці пачакаць. Які ваш адрас? Калі ласка, падыходзьце вунь туды…”. Што ж гэта за парушэнне такое – тлумачыць людзям, куды ім прайсці, ветліва сустракаць іх?

Ім проста не спадабалася, што я заўважыў і сфатаграфаваў тую скрыню. Але на ёй як ні стаў пячатку, усё роўна атрымліваецца дзірка, бо накрыўка пасоўваецца. Можа і не 20 бюлетэняў за адзін раз можна засунуць праз яе, але па 3-5 штук – лёгка. А мяне яшчэ папракаюць у маніпуляцыях са скрыняю, бо паказаў яе назіральнікам!

На паседжанні выступіла Галіна Сямдзянава і сказала, што мяне выключаюць, каб я не патрапіў на свае дзяжурствы ў камісію ў суботу і нядзелю. На іх трэба было падпісваць бюлетэні, што яшчэ засталіся непадпісанымі (1650 бюлетэняў з 2250 я паспеў падпісаць). Рэч у тым, што мой подпіс немагчыма альбо цяжка падрабіць. Я пішу сваё падвойнае прозвішча ды яшчэ розныя рысачкі стаўлю. Сябры камісіі з самога пачатку былі незадаволеныя такім подпісам.

Мяне здзівіла таксама пазіцыя спадара Піскунова, які гаварыў больш за ўсіх, хоць не быў на ўчастку.

Што датычыць працы, то  пасля паседжання і майго выключэння мяне тэрмінова выклікалі працаваць. Я бачыў, што затрымліваюся, што мне трэба яшчэ пачакаць друку для мяне папер, каб атрымаць іх на рукі, і прасіў адгул ці невялікі адпачынак за свой кошт. Не пагадзіліся. Хоць быў кароткі дзень, і фактычна да канца працоўнага дня заставалася пару гадзін. З мяне камусьці трэба зрабіць прагульшчыка”.

 

Валянціна Свяцкая:

“Уражанні ад гэтага паседжання засталіся самыя дрэнныя. Я звярнула ўвагу, што на ім прысутнічаў пракурор. Ён сядзеў, апусціўшы вочы. У галасаванні ён удзелу не браў, і калі я спытала, чаму, адказаў, што не з’яўляецца сябрам выканкама.  Потым пракурор увогуле сышоў, так непрыкметна, паціху, неяк бокам, каб яго не зачапілі. Для мяне ведьмі дзіўна, што пракурор прысутнічаў і не даў ніякай юрыдычнай ацэнкі гэтаму спектаклю. Гэта не адпавядае Выбарчаму кодэксу. Наадварот, сумленнага чалавека выключылі за тое, што ён спрабаваў працаваць у рамках Выбарчага кодэкса.

Што да афіцыйнай падставы для выключэння – за парушэнне арт. 36, то гэты артыкул проста прыцягнуты за вушы. Што канкрэтна не выканаў гэты чалавек? Агалосьце, калі ласка, увесь спіс усіх патрабаванняў, які парушыў ці не выканаў спадар Шпак-Рыжкаў!”

 

Галіна Сямдзянава:

“З пункту погляду прадстаўнікоў улады, яны дапусцілі памылку, даўшы магчымасць прадстаўніку апазіцыі падпісаць частку бюлетэняў. Калі пра гэта даведаліся вышэйстаячыя кіраўнікі, яны зразумелі: калі Юрый Шпак-Рыжкаў будзе прысутнічаць пры падліку галасоў і не пабачыць сваіх подпісаў на бюлетэнях, фальсіфікацыі адразу выявяцца. Тым больш яны будуць выяўлены, калі ён падпіша ўсе бюлетэні ўласнаручна. Спахапіліся і прыдумалі з ягонага боку “перашкоды працы камісіі”. Так, знайшоў скрыню з дзіркамі, так, паказаў яе назіральнікам. Але галоўная прычына ўсё-ткі – ягоныя подпісы.

Звяртае на сябе ўвагу тое, што рашэнне аб яго выключэнні было зараней падрыхтавана, і ніхто не збіраўся яго мяняць. Нас цікавіла пытанне: ці застанецца пасля выключэння адзінага дэмакратычнага прадстаўніка гэтая камісія паўнамоцнай? Бо яна амаль ўся цалкам складаецца з супрацоўнікаў ЖЭСа, ЖРЭО, толькі нехта вылучаны працоўным калектывам, а нехта – ад “Белай Русі” ці БРСМ, ці іншымі лаяльнымі да ўлады арганізацыямі. Мне адказалі, што паўнамоцтвы застаюцца, бо ў камісіі дастаткова прадстаўлены грамадскія арганізацыі. 

Мяне цікавіла, ці пракурор ацэньваў падзеі з пункту гледжання заканадаўства, ці гэта была проста эмацыйнае ўспрыняцце іх чыноўнікамі. Нам давалі выступіць, але нас не чулі. Скончылі выступаць, і адразу: “Хто за тое, каб прыняць гэтае рашэнне?” Якое рашэнне? Вы ж хоць агучце яго! Але ўсе разумеюць, пра што гаворка, і галасуюць. 

Шчыра кажучы, мы так і не зразумелі, што спадар Юрась парушыў. Артыкул 36 вельмі вялікі, там шмат пунктаў, і яны ўсе розныя. Няма канкрэтыкі. Была адразу ж пададзена скарга ў суд у адпаведнасці з магчымасцю, якую дае ч.3 арт. 36 Выбарчага кодэкса. Суд, згодна з гэтым артыкулам, павінен разгледзець яе ў трохдзённы тэрмін. У любым выпадку, гэта будзе панядзелак альбо аўторак. А паўнамоцтвы камісій, згодна з тым жа Выбарчым кодэксам, сканчаюцца адразу пасля падліку вынікаў галасавання. Такім чынам, пакуль суд разгледзіць скаргу, камісіі ўжо не будзе. Гэта проста чысты здзек. А тое, што мяне і Валянціну Свяцкую прадстаўнікі выканкаму спрабавалі абвінаваціць у “заведама ілжывых паказаннях” – проста нахабства.

Зразумела, чаго апасаліся ўлады: калі б Юрый Шпак-Рыжкаў браў удзел у падліку галасоў і не ўбачыў сваіх подпісаў, ён не стаў бы маўчаць. Магчыма, спачатку яны яшчэ спадзяваліся, што ён будзе ціха сядзець, пакуль не адбылося інцыдэнту са скрыняй. І яны зразумелі: ціха сядзець не будзе”.         

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства